Вялікае шчасце – мацярынства

Ганна Бахур, інвалід першай групы з Івацэвічаў, якая стала мамай шэсць гадоў таму, адчувае і сёння сябе самай шчаслівай. Яна з мужам Анатолем, таксама інвалідам першай групы, проста свецяцца радасцю і любоўю. Яшчэ б! На вачах расце іх надзея і апора – сыночак Косцік.

Хлопчыку шэсць гадоў; адказныя бацькі імкнуцца яго развіваць усебакова: ён ходзіць на шахматы, заняткі па падрыхтоўцы да школы, вучыцца іграць на барабане і займаецца на занятках па мастацтву. Час распісаны ў іх па хвілінах, каб было не да гаджэтаў, як жартуе Ганна.

Ганна Бахур і яе муж Анатоль удзячны ўсім, хто падтрымліваў іх і верыў, што бацькі атрымаюць магчымасць гадаваць дзіця ў сям’і. Скажу больш, сёння няма вінаватых, бо шчасце іх накрыла з галавой. І калі раскласці ў доказ па паліцах усю гісторыю, то выяўляецца толькі радасць ад таго, што людзі ў нас добразычлівыя, умеюць спачуваць і дапамагаць. Патрэбен быў час, каб зразумець, што ніхто не хацеў Ганне прычыніць боль. Але і закон парушыць таксама ніхто не меў права. А па літары закона, за сынам Косцікам бацькі-інваліды першай групы не маглі забяспечыць паўнацэнны догляд, і дзіцяці пагражала незайздросная будучыня – дом малюткі. Пэўна, іншая пара інвалідаў, можа, і не справілася б з дзіцем. Толькі не Ганна.

Яе мацярынскаму інстынкту здзіўляліся нават урачы, яе прага самой выхоўваць доўгачаканага сына пакарыла ўсіх, хто сутыкнуўся з ёю ў жыцці. Ганна сама гадавалася ў інтэрнаце. Маці не толькі адмовілася ад яе ў раддоме, яна яшчэ да гэтага не хацела, каб дзяўчынка з’явілася на свет, рабіла аборт. Але! Насуперак усяму, Ганна нарадзілася. Толькі з наступствамі аборту – калекай. У яе не было аніякіх шанцаў ні хадзіць, ні самой есці, ні апранацца. І зноў «звыш» было наканавана жыццелюбівую дзяўчынку ратаваць. Пажылая нянька пашкадавала дзіця, якое ляжала ў ложку, і стала вучыць малую хаця б хадзіць, потым апранацца, браць у рукі відэлец, кубак падносіць да губ… Далей нянька з Баранавічаў навучыла Ганну чытаць і нават пісаць.

Потым Ганну перавялі ў іншы дом-інтэрнат, але прага да жыцця не давала ёй спыніцца, яна навучылася маляваць, і яе карціны ўпрыгожваюць сцены Косаўскага дома-інтэрната, з якога пачалося яе дарослае, а потым цудам і самастойнае жыццё. Зноў жа, дзякуючы добрым людзям, якія памятаюць яе і сёння, перажываюць за яе ўсёй душой.

Ганна выйшла замуж, асвоіла не адну прафесію і стала актыўна ўдзельнічаць у мерапрыемствах, якія праводзіліся ў Івацэвіцкім ТЦСАН. Яе карціны куплялі людзі, яна спрытна спраўлялася з фотаапаратам і відэакамерай, стала заўважнай асобай на спартыўных спаборніцтвах сярод інвалідаў.

Да нараджэння сына яна з мужам старанна рыхтаваліся, у кватэры быў зроблены добры рамонт, прычым з душой і густам. Сцены кватэры таксама ўпрыгожваюць карціны Ганны. А калі нарадзіўся Косцік, яна надзіва спрытна брала дзіця на рукі, карміла яго і мяняла яму падгузнікі.

Многіх Ганна не прасіла дапамагаць ёй, а людзі дапамагалі. Аб станоўчым вырашэнні пытання Ганны клапаціўся былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Леанід Кавалевіч, а праз яго былі падключаны профільная камісія Палаты Парламента і іншыя дэпутаты, пытаннем Ганны займаліся Міністэрствы аховы здароўя, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, асабіста брала пад кантроль сітуацыю Наталля Качанава – старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прыязджала да Бахураў Марыянна Шчоткіна, на той час міністр працы і сацыяльнай абароны, а цяпер намеснік старшыні Савета Рэспублікі. У выніку сумесных намаганняў было прынята неардынарнае рашэнне, і сям’я ўдзячна, што дзяржава паклапацілася аб іх. Ім выдзялялася ў дапамогу нянька, але Ганна ў хуткім часе адмовілася ад яе. У два гады хлопчык ахвотна гаварыў, без памылак вызначаў колер алоўкаў, маляваў з мамай ружовае сонейка, блакітныя воблакі і зялёную елачку, спяваў і «танцаваў ручкай» песеньку пра пальчыкі-сям’ю, расказваў прымаўкі, лічылкі. Для любага сыночка Ганна з мужам не шкадуюць ніякіх грошай і клапатліва адносяцца да яго здароўя, стараюцца загартоўваць яго. Асабіста для яе на самым першым і найважнейшым месцы здароўе дзіцяці, а не грошы.

Можна з асцярогай гаварыць: а што будзе далей? Як яны будуць пераадольваць цяжкасці, калі дзіця падрасце?.. Можна думаць па-рознаму. Але не трэба забываць, што розныя цяжкасці пільнуюць бацькоў у любой сям’і. Ведаю толькі адно: ні для якога дзіцяці любові многа не бывае. Не патакання. А любові. Калі сітуацыя Ганны была яшчэ не вырашана, адзін святар суцешыў нас так: «Трэба зразумець Божы промысел. Чаго хоча Бог? Бог хоча адно – выратавання душ і маці, якая нарадзілася насуперак усяму, і яе мужа-інваліда, і дзіцяці, і тых людзей, якія будуць дапамагаць гадаваць дзіця». З гэтых слоў у душы пасяліўся спакой і ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. А сёння трэба толькі дзякаваць усім за любоў, спагаду і радасць дапамагаць. Бо як казаў той жа святар, дапамагаючы іншым, мы найперш дапамагаем сабе, мы ратуем сябе.

Валянціна БОБРЫК.
Фота Таццяны ДЫЛЮК.