230 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Гамаліцкага, урача-фізіёлага, гісторыка, члена Віленскай археалагічнай камісіі, літаратара, педагога

Міхаіл Лявонавіч Гамаліцкі нарадзіўся 3 снежня 1791 года ў вёсцы Бялавічы былога Слонімскага павета (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і ўніяцкага святара Лявона Гамаліцкага, які аддаў служэнню бялавіцкай Свята-Ільінскай царкве амаль пяцьдзясят гадоў.

Пачатковую, а затым і сярэднюю адукацыі Міхаіл атрымаў у школе манахаў-базыльянаў у Жыровічах. У 1809 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта.

У 1816 – 1827 гадах М. Л. Гамаліцкі выкладаў тэарэтычную хірургію ў Віленскім універсітэце. У 1815 годзе абараніў доктарскую дысертацыю. У тым жа годзе Міхаіла Гамаліцкага выбралі членам Віленскага медыцынскага таварыства, пазней быў яго сакратаром, рэдактарам яго выданняў. З 1819 года малады вучоны выкладаў курсы тэарэтычнай хірургіі і фізіялогіі. У 1824 годзе прафесар Гамаліцкі ўзначаліў кафедру фізіялогіі. Шырока праводзіў вопыты на жывёлах, прадоўжыў даследаванні па пераліванні крыві. У медыцынскіх колах гэта была яркая фігура, але быццам з-за хваробы пакінуў універсітэт, перастаў займацца медыцынай. Некаторы час яшчэ змяшчаў артыкулы па медыцыне ў перыядычных выданнях, займаўся прыватнай лекарскай практыкай.

Міхаіл Гамаліцкі з 1928 года пачаў займацца вывучэннем філалогіі і гісторыі. Збіраў даўнія рукапісы, камплектаваў багатую гісторыка-філалагічную бібліятэку. Вывучаў гісторыю Вільні, яе касцёлаў і цэркваў, жыццё святога Казіміра, беларускую філалогію і археалогію, займаўся літаратурнай дзейнасцю. Калі выйшла ў свет «Гісторыя Вільні» Міхаіла Балінскага (Т. 1–3, Вільня, 1836 – 1837), М. Л. Гамаліцкі змясціў на яе рэцэнзію з істотнымі папраўкамі і дапаўненнямі, якія значна ўзбагацілі змест твора.

Знаёмства М. Л. Гамаліцкага з маладым памешчыкам з Марачоўшчыны Вандалінам Пуслоўскім перарасло ў моцнае сяброўства. У ваколіцах Косава яны пачалі праводзіць сумесныя археалагічныя даследаванні. Засталіся ненадрукаванымі палявыя археалагічныя дзённікі, альбомы, справаздачы.

Член-карэспандэнт Археалагічнага таварыства (1856 г.), член Рускага геаграфічнага таварыства (1857 г.). Сабраныя матэрыялы паслужылі М. Л. Гамаліцкаму для напісання працы пра жыццё і дзейнасць вялікага князя ВКЛ Вітаўта «FragmentaWitoldowe», якая засталася ненадрукаванай. Апекаваўся маладым даследчыкам літоўскіх і беларускіх старажытнасцей Адамам Кіркорам (1818–1886), дапамагаў яму ў арганізацыі і прымаў удзел у яго археалагічных экспедыцыях, збіранні археалагічных матэрыялаў. Працаваў плённа, шмат яго матэрыялаў засталіся ў рукапісах, якія трапілі пасля ў архіў А. Кіркора.

М. Л. Гамаліцкі памёр 2 лютага 1861 года ў Вільні. Пасля смерці яго бібліятэка паступіла ў Віленскі музей старажытнасцей. Да 200-годдзя з дня нараджэння земляка ў в. Бялавічы паставілі памятны знак – валун з мемарыяльнай дошкай. Іменем Міхаіла Гамаліцкага названа вуліца ў горадзе Івацэвічы.

 

Людміла Джэжора,
бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Івацэвіцкай раённай бібліятэкі імя П. Пестрака.