100 гадоў засцерагаем шчасце!

Векавы юбілей у гэтыя дні адзначае «Белдзяржстрах» і прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Івацэвіцкім раёне.

Гэта былі гады цеснага ўзаемадзеяння з людзьмі, а калі гаварыць пра наш раён, то, без перабольшвання, – амаль з кожным чалавекам. Аднаго паказчыка дастаткова: на сёння болей за 40 000 дагавораў заключана паміж прадстаўніцтвам і жыхарамі раёна – гэта прыкладна адзін дагавор на кожнага жыхара. Па-сапраўднаму народным стаў для кожнага «Белдзяржстрах».

Напярэдадні гэтай глабальнай даты супрацоўнік «ІВ» сустрэўся з Нінай Леанідаўнай Каральчук, дырэктарам прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Івацэвіцкім раёне. Ніна Леанідаўна, дарэчы, адзін са старажылаў прадпрыемства, якой ёсць што згадаць, пра што расказаць.

– Апошнія 30-40 гадоў былі няпростымі як для Беларусі, якая як краіна станавілася на ногі, так і для дзяржаўных інстытутаў, якім яшчэ прадстаяла знайсці сябе ў новых умовах, у новай краіне.

– Так, гэта былі няпростыя для ўсіх часы. Калі згадваць СССР, то работа страхоўшчыка была прадказальнай і простай. Месціўся наш раённы Дзяржстрах у будынку цяперашняга райвыканкама, займалі мы тры кабінеты… Але многае стала іншым – незразумелым і непрадказальным – пасля распаду СССР. Не зразумела было тое, наколькі запатрабавана наша дзейнасць у новых умовах. Некаторыя члены калектыву разгубіліся, пачалі шукаць сябе ў іншых месцах.

Мы перайшлі ў іншае памяшканне, не вельмі прыстасаванае для працы. Але тыя нашы работнікі, якія лёгка ўспрымалі і ўкаранялі новае, знайшлі сябе.

Дадайце, што і дзяржава не засталася ў баку – мы ж дзяржаўнае прадпрыемства! Сталі наладжваць справу, будаваць офіс на вул. Матросава, у якім зараз знаходзімся. Мы ўбачылі свет у канцы тунэля!

На сённяшні час прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» – запатрабаваная жыхарамі Івацэвічаў і раёна ўстанова.

– Давайце лічбамі пацвердзім гэта.

– З задавальненнем. Калі за 10 месяцаў мінулага года мы па добраахвотных відах заключылі 20 642 дамовы, то за адпаведны перыяд 2021 года – 22 155. Як бачыце, нам давяраюць, да нас ідуць людзі. Па ўсіх відах дагавораў таксама рост: было 43 333, стала – 44 499. Па дагавору ад няшчаснага выпадку ў 2020-м годзе было застрахавана 3 779 жыхароў раёна, а ў адыходзячым годзе – 4 796, значны рост па дагавору «ад небяспечных захворванняў» (сумна вядомы COVID-19). Праведзена 1 229 выплат (за адпаведны перыяд мінулага года – 1 105).

– Чым можна патлумачыць такі давер да «Белдзяржстраху» ў нашым раёне?

– Хачу адзначыць, што Івацэвіцкі раён падвергнуты розным праяўленням стыхіі, часта адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні… Сваю ролю адыгрывае і так званае сарафаннае радыё: чалавек застрахаваўся, яго сусед таксама пачынае задумвацца – чаму я яшчэ не? Сёння ў дамах і кватэрах людзей дарагое абсталяванне, сучасныя газавае абсталяванне, катлы і калонкі, шыкоўныя рамонты, людзі набываюць дарагія аўтамабілі – спакойна сябе гаспадар можа адчуваць тады, калі ён застрахаваўся. Шукаем новыя метады работы: працуем з кіраўнікамі і працоўнымі калектывамі, напачатку новага навучальнага года правялі відэаканферэнцыю з дырэктарамі школ і дзіцячых садкоў. А прапанаваць мы можам болей 100 варыянтаў паслуг па 86 відам добраахвотнага і абавязковага страхавання.

– Пандэмія COVID-19 у якой ступені паўплывала на вашу работу?

– Кіраўнікі прадпрыемстваў у новых умовах сталі страхаваць свае калектывы – ад дырэктара да вартаўніка. Калі што здараецца – а пра тое, як разгуляўся ў апошнія месяцы каранавірус, думаю, нагадваць не трэба, – людзі адчуваюць сябе абароненымі. Да работы падключаюцца і прафсаюзныя калектывы, дадзены пункт па ахове здароўя работніка ёсць сэнс унесці ў калектыўныя дамовы. Мы ж аплачваем не толькі наведванне ўрача, але і мед-агляды, масажы, праводзім аплату медыкаментаў па назначэнні ўрача. Узровень выплат па «небяспечным захворванням» (COVID-19) за 10 месяцаў 2021 года – 2 006 працэнтаў ад сабраных узносаў. Гэта надзвычай стратны для нас від страхавання. Што тычыцца медыцынскіх расходаў, то ў бягучым годзе мы заплацілі медустановам раёна 117,7 тысяч рублёў. Як бачыце, «Белдзяржстрах» стаіць на пярэднім рубяжы ў барацьбе з пандэміяй і заўжды абараняе свайго кліента.

– Некалькі слоў пра калектыў прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Івацэвіцкім раёне…

– У нас працуе 33 чалавекі. На першы погляд, нямнога, але гэта толькі на першы погляд, бо мы з’яўляемся адной камандай, якая ў такім колькасным стане можа вырашыць любыя задачы. Прыкладна палова з іх – страхавыя агенты, якія сёння дасведчаныя, «продвинутые», кампетэнтныя спецыялісты, якія знаюць спецыфіку нашай работы ад «А» да «Я» і не баяцца нічога новага.

Асабліва радуе, што выкрышталізаваўся калектыў, члены якога не баяцца ўкараняць новае, ведаюць пра ўсе навінкі ў сферы страхавання, могуць адказаць на любое пытанне. З такой камандай прыемна сустракаць юбілей, з такой камандай і дасягнуць можна многага.

Ганаруся калектывам і віншую з юбілеем кожнага! Упэўнена: мы справімся з любымі задачамі!

За шматгадовую добрасумленную працу, значны ўклад у развіццё страхавання ў Івацэвіцкім раёне і ў сувязі са 100-годдзем з дня ўтварэння «Белдзяржстраху» – Граматай Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджана:
СЛІНКА Людміла Уладзіміраўна – страхавы агент прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Івацэвіцкім раёне.

За дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці страхавання ў Івацэвіцкім раёне і ў сувязі са 100-годдзем з дня заснавання «Белдзяржстраху» – Ганаровай граматай Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў узнагароджана: МОЛАШ Ірына Аляксееўна – спецыяліст другой катэгорыі аддзела страхавання прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» па Івацэвіцкім раёне.
Віншуем!

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.