Страхавы агент з… душой краязнаўцы

Працоўная біяграфія Людмілы Слінка з Івацэвічаў двойчы звязана з «Белдзяржстрахам» – на яе старце і на фінішы.

Хаця асноўную частку жыцця Людміла Уладзіміраўна працавала на іншым прадпрыемстве райцэнтра (яе дзейнасць звязана з фінансамі).

Жанчыне не вельмі падабалася кабінетная работа, хацелася працаваць з людзьмі. Яна заўсёды была ўпэўнена, што сярэднестатычны чалавек павінен умець правільна распараджацца і ўпраўляць сваімі сродкамі. Таму ўжо знаходзячыся на пенсіі, папрасілася папрацаваць страхавым агентам.

Першым участкам стала вёска Яглевічы.

– Вёска са сваім духам, са сваёй аўрай. Тут жывуць, як быццам, гарадскія людзі, але гэта ўсё ж такі вёска. Людзі асцярожныя, не заўсёды прыветлівыя, усё новае ўспрымаюць з перасцярогай. Мне няпроста было тут працаваць першыя месяцы, шчыра прызнаюся, але паступова жыхары Яглевічаў змякчыліся, сталі бачыць свае перавагі; я знайшла «ключык» да людзей, да якіх прывыкла і якіх палюбіла.

Свая аўра і свой дух ёсць і ў іншых населеных пунктах, дзе працую. У цэлым, чымсьці падобны да Яглевічаў аграгарадок Вулька-Аброўская – тут шмат прыезджых, якія прынеслі свой каларыт ў гэтыя мясціны. А як парадаваў аграгарадок Аброва – населены пункт са сваёй культурай – багатай, спрадвечнай і чалавечнай. Калі ў Аброва і прыязджаюць жыць людзі здалёк, то яны праз год-другі самі становяцца аброўцамі – адной сям’ёй. Тут многае трымаецца на даверы, у Аброве пражываюць добрыя гаспадары, праніклівыя людзі – мне вельмі падабаецца гэтая вёска…

Працавала ў страхавой сферы ў 80-я і зараз, у новым стагоддзі. Наколькі змянілася праца! Страхавы агент сёння – эрудзіраваны спецыяліст і добры псіхолаг. Не нарадуюся на атмасферу ў прадстаўніцтве: людзі адданыя сваёй рабоце. Калі на нейкім участку праблемы, то спецыялісты ўсе разам вырашаюць яе. Ганаруся, што працую ў такім цудоўным калектыве!

Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ