Справы суседскія

Недарма кажуць людзі, што, купляючы хату, выбірай не яе, а суседзяў. Дрэнныя адносіны з імі могуць сапсаваць жыццё, добрыя – прынясуць многа радасці. Вось выпадак: маладая сям’я купляе ўчастак пад будаўніцтва дома, гаспадар укладвае немалыя грошы ў фундамент і плот, але раптам выстаўляе ўчастак на продаж.

І прычына – суседзі, з якімі пастаянныя спрэчкі. Чалавек, як кажуць, «на беразе» вырашыў гэтую праблему: набудзе новую зямлю і зноў пачне будоўлю, але пазбавіцца ад раптоўнай бяды, што звалілася на яго галаву. Іншыя суседзі жывуць душа ў душу і становяцца сапраўднымі сябрамі. Сабралі для вас некалькі гісторый – і смешных, і сумных, і павучальных. Чытайце і рабіце высновы.

«Каб у суседа ўрадзіла»

Калі мы пераехалі ў Івацэвічы  і я захварэла, першымі мяне наведалі ў бальніцы суседзі. Гэта было вельмі чулліва і дорага, адразу ў глыбіні душы пасялілася ўпэўненасць, што ўсё будзе добра. Сапраўды, з такімі суседзямі – не прападзеш.

Бывала, што куры пераляталі ў суседскі агарод і грэбліся на градах, але суседка не псавала настрой, проста дапамагала злавіць шкодніцу і перакінуць «дадому». Не сварылася, бо і яе куры іншы раз любілі пераляцець «у госці», было, што і пеўні біліся насмерць… Жыццёвая мудрасць даказвала: лепш пацярпець матэрыяльны ўрон, але захаваць з суседзямі добрыя адносіны. Бо праклёны і высвятленне сваёй праваты яшчэ нікога не зрабілі шчаслівымі, а мір і згода куды каштоўней.

З часам сусед новы плот зрабіў, і забыліся мы абодва пра курыныя баталіі.

Ураджаем з агарода дзяліцца таксама ў нас традыцыя. І не толькі з адной суседкай, з усімі ў нашым, скажам так, «кусце». З ранняй вясны пачынаецца. Найперш прапануюць адзін аднаму вітаміны – зялёную цыбулю. Выраслі ў суседкі першыя агуркі ці кабачкі – абавязкова папытаецца, ці ёсць у нас. Калі няма – па-дзеліцца. Пытаюць заўсёды, ці трэба, і дзеляцца ўсе адзін з адным: у каго слівы, у каго яблыкі, абрыкосы, грушы, клубніцы, маліны, грэцкія арэхі… Нават дынямі і кавунамі дзяліліся мае суседзі. А вішнямі яны дзяліліся нават з былой суседкай з другога боку дома, якая пераехала гадоў пяць назад жыць у Брэст. Тая, прыехаўшы за пачастункам, так была ўзрушана, што хацелася і свой ураджай раздаваць людзям.

У суседкі насупраць яшчэ адна традыцыя – вясной са сваіх клумбаў выкопваць кветкі і ставіць у кутку свайго ўчастка каля дарогі – бярыце, людзі, садзіце прыгажосць. І спыняюцца, і забіраюць… Не іначай, потым людзі, як зацвітуць тыя кветкі, з дабром успамінаюць маю суседку, дзякуюць у думках.

Неяк перакідваліся з суседзямі навінамі, і пра ўраджай гаворка зноў зайшла. Суседка выказалася так, што гэтыя словы сталі нашай агульнай пазіцыяй: «Галоўнае, каб у суседзяў «нарасло». Так яно і выходзіць – калі ў іх добры ўраджай, то і ў кожнага з нас на стале ёсць чым пачаставацца…

Дарэчы, і пра мужчынскую палову добрае слова трэба сказаць. Мужчыны-суседзі таксама дружныя. І дарогу падсыплюць, і за камунікацыямі сочаць, і ў ліўні адзін аднаму пасабляюць, каб не затапіла. Для дзяцей і ўнукаў якая радасць, калі
дзядзька Сяргей піражкоў на ўсіх напячэ, а дзядзька Коля ці Толя пакатае на машыне ці басейн з батутам паставіць.

Раней думала, ну і пашанцавала мне з суседзямі, а цяпер упэўнена, гэта так дзейнічае ланцужок дабра: зробіць адзін добрае – і табе захочацца. Ты зробіш камусьці – і ў таго ўзнікне жаданне несці ў свет дабрыню.

…Адзінокая жанчына з другой вуліцы на днях падзялілася: «От у мяне суседзі, дык суседзі. Аралі свой агарод і мне прапанавалі ўзараць. Як я ім удзячна, гэта ж мне такая дапамога!»

І так светла ад такіх навін, і ад таго, што суседзяў добрых шмат.

Справа ў вокнах

Мы атрымалі кватэру. Радасці!.. Нарэшце скончацца пакуты пражывання з дзецьмі ў цеснай маласямейцы на 11,57 квадрата жылой плошчы. Кватэра двухпакаёвая, прасторная, і паверх, што трэба. Але перш чым засяліцца, узяліся за рамонт. За работай паціху пачалі знаёміцца з суседзямі.

Аднойчы спускаецца да нас суседка, якая атрымала дакладна такую ж кватэру, як наша, і прама, як кажуць, над галавой, каб удакладніць, ці супадае яе плошча кватэры з нашай. Я паціскаю плячыма: хіба плошча аднолькавых двухпакаёвак можа быць рознай? Аказваецца, яна прайшла ўжо па ўсіх суседзях 9-павярховага дома і ва ўсіх пацікавілася: разбежка ёсць, даходзіць да паўметра!..

Слова за слова, высветлілася, што жылі мы ў адной маласямейцы, толькі ў розных пад’ездах. І раптам суседка кажа:
– Не пашанцавала нам з кватэрамі. І табе, і мне. Ой, не пашанцавала.
– ?..
– Ну што тут незразумелага? – засердавала суседка. – Вокны ж у нас не ў двор, а на дарогу. Не ўбачыш цяпер, хто да каго ідзе, у колькі, з кім… У маласямейцы я ўсё пра ўсіх ведала, а тут… Зачахну зусім без навін.

Шчодрасць побач

Прытча
Гаспадар, які жыў па суседстве з вельмі шчодрым чалавекам, надумаў аднойчы прадаць свой дом. Калі з’явіўся пакупнік, гаспадар сказаў яму:
– Колькі ты можаш даплаціць мне звыш кошту дома за суседства са шчодрым чалавекам?

Здзівіўся пакупнік:
– Дзе гэта чулі, каб павышалі цану за суседства?!
Гаспадар яму адказаў:
– Ты дарэмна грэбуеш гэтым. Шчодры сусед папоўніць ўсе недахопы ў тваёй гаспадарцы і вызваліць цябе ад цяжару даўгоў. Сыходзь, ты не варты быць яго суседам! Я не прадам табе свой дом.
Даведаўшыся пра гэта, шчодры чалавек даслаў гэтаму суседу вялікую суму грошай.
– Расходуй іх на свае патрэбы, а дом не прадавай, – сказаў ён.

 

Валянціна Бобрык