Дарога не даруе памылак

Судом Івацэвіцкага раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні К., жыхара Івацэвіцкага раёна, у здзяйсненні злачынства, якое прадугледжана ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Парушэнне Правіл дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, што прывяло па неасцярожнасці да гібелі чалавека».
У ходзе судовага пасяджэння ўстаноўлена наступнае: індывідуальны прадпрымальнік К., які мае права на перавозку пасажыраў, раніцай 17 снежня 2018 года на асабістым аўтамабілі «Фальксваген-Каравэла» перавозіў шэсць пасажыраў з Івацэвічаў у кірунку Целяхан. На 24-м кіламетры аўтадарогі Р-6 «Івацэвічы-Пінск-Столін» (непадалёку ад вёскі Вялікая Гаць) К. праявіў злачынную неасцярожнасць, няўважлівасць і неабачлівасць, не ўлічыў складаныя ўмовы надвор’я (заснежанае дарожнае пакрыццё і ападкі ў выглядзе снегу) і рушыў на абгон аўтапоезда, які таксама рухаўся ў бок Целяхан. Але ж у гэты час па сустрэчнай паласе насустрач імчаў легкавік «Мазда-626».
Неабачлівасць К. прывяла да дарожна-транспартнага здарэння: «Фальксваген» і «Мазда» сутыкнуліся. У выніку пасажыр «Мазды», жанчына, жыхарка нашага раёна, атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, у выніку якіх пасля памерла. Вадзіцель «Мазды» і пасажыр «Фальксвагена» таксама атрымалі цялесныя пашкоджанні, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх.
У ходзе судовага пасяджэння К. прызнаў сябе поўнасцю вінаватым у дадзеным дарожна-транспартным здарэнні, якое мела такі трагічны вынік. Суд прызнаў К. вінаватым у здзяйсненні злачынства і прызначыў пакаранне ў выглядзе двух гадоў і шасці месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. К. на пяць гадоў пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
І яшчэ даволі важны момант. Суд задаволіў іскі пацярпелых аб спагнанні з К. на іх карысць матэрыяльнага пакрыцця маральнай шкоды на агульную суму 32 000 рублёў. Згадзіцеся, даволі ўнушальная сума.
Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.
…Калісьці пісьменнікі Ільф і Пятроў падкрэслівалі і папярэджвалі: аўтамабіль паступова набывае рысы «братоубийственного снаряда». І што казаць пра праблему зараз, калі колькасць легкавікоў амаль параўнялася з колькасцю людзей? Прынамсі ў нашай Беларусі. Гэта тым больш павінна прымусіць кожнага вадзіцеля быць максімальна асцярожным, бо адзін неабдуманы паварот рулявога кола можа прывесці да непапраўнага…
Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.