Калі за вамі не сочыць жонка, то гэта не значыць, што за вамі не сочыць шантажыст

На сваіх старонках у сацыяльных сетках, накшталт «Аднакласнікі», «ВКонтакте», нашы грамадзяне захоўваюць цэлы пласт асабістай, часам канфідэнцыяльнай і нават інтымнай інфармацыі. Гэта могуць быць фотаздымкі, перапіска з палюбоўніцай ці палюбоўнікам, пра якую не ведае ніхто, акрамя, зразумела, гаспадара акаўнта.
І акрамя зламысніка, які можа ажыццявіць узлом такой старонкі.
У Івацэвіцкім раёне ўзбуджана адна крымінальная справа па факце «Вымагальніцтва» і вядзецца праверка па яшчэ адным падобным факце. Схема злачынстваў адноль-
кавая: зламыснік пасля ўзлому сацыяльнай старонкі знаходзіў «цікавыя» факты з жыцця гаспадара гэтай старонкі. Пасля звяртаўся да яго з патрабаваннем заплаціць за гэтую інфармацыю, каб яна не стала вядомай шырокай грамадскасці, іншым членам сям’і. У адным выпадку фігуравала сума ў 600 беларускіх рублёў, у другім – 5 000 расійскіх рублёў. Пацярпелыя – абое жыхары Івацэвічаў –­ звярнуліся ў праваахоўныя органы.
Супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС працуюць над тым, каб выйсці на след гэтых злачынцаў. Разам з тым, просім жыхароў Івацэвічаў і раёна «правесці рэвізію» старонак у сацыяль-
ных сетках. Падумайце, ці варта трымаць там сумніўныя фотаздымкі? А можа даўно прыйшла пара выдаліць перапіску з той жанчынай, з якой вы пазнаёміліся ў рэстаране? Бо калі за вашым двайным інтымным жыццём не сочыць жонка, то гэта яшчэ не значыць, што за ім не сочыць зламыснік, які набіў руку на ўзломах чужых старонак і хоча выцягнуць з вас грошы.

Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.