Аляксей ПАПКО, начальнік Івацэвіцкага РЭС: «Будучыню звязваем з мадэрнізацыяй»

90-годдзе – гэта толькі ступенька, адштурхнуўшыся ад якой, энергетыка павінна выйсці на абсалютна новыя гарызонты. Яны сёння проста відавочныя кожнаму, хто прафесійна працуе ў энергетычнай сістэме.

– Сёлета рэалізаваны першы «электрычны» аб’ект квартала «Кляноўка». У новым мікрараёне Івацэвічаў пасля ўвядзення ў строй першага дома, які поўнасцю на электрычнасці, будуць узводзіцца і астатнія жылыя дамы, дзе ўсё: прыгатаванне стравы, падагрэў вады і ацяпленне – на электраэнергіі.

За 10 апошніх гадоў рэканструяваны дзве сістэмныя падстанцыі напружаннем 110/35/10 кВ. Гэта падстанцыя «Івацэвічы», якая знаходзіцца па вул. Леніна, 1 у райцэнтры і з’яўляецца вузлавой, і падстанцыя «ІПЗ». Рэканструкцыя іх была актуальнай і вельмі неабходнай. Яны абслугоўваюць г. Івацэвічы і бліжэйшыя населеныя пункты. Укладзены вялікія сродкі, гэтая будоўля на той час была самай буйнай у раёне.

Сучасныя тэхналогіі падштурхоўваюць ісці ў нагу з часам штогод. Сёлета, да прыкладу, Івацэвіцкім раёнам электрасетак філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» пабудавана каля васьмі кіламетраў кабельных ліній 10 кВ са сшытага поліэтылену, устаноўлены размеркавальны пункт 10 кВ.

Наступны год, чакаецца, будзе не менш напружаным. У Целяханах у сувязі з падрыхтоўкай да абласных «дажынак» будзе праведзены вялікі аб’ём работ па рамонце электрасетак, базы з тэхнічным забеспячэннем, рамонт падстанцыі 110/10 кВ «Целяханы» з тэлемеханізацыяй.

У перспектыве да 2023 года стаіць задача поўнасцю замяніць усе лініі, якія праходзяць па лясфондзе, на ізаляваныя ці на кабельныя для зніжэння колькасці адключэнняў па прычыне падзення дрэў на правады ЛЭП і павышэння надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў.

Да 2023 года «Брэстэнерга» ўзяло кірунак на шлях замены парку прыбораў уліку электраэнергіі на сучасныя, аснашчаныя радыёмадэмамі, а да 2025 года аб’яднаць іх у аўтаматызаваную сістэму кантролю ўліку электраэнергіі (АСКУЭ). Інакш кажучы, мы інфармацыю па кожным спажыўцу будзем бачыць у сябе, яна будзе сцякацца да нас з электронных лічыльнікаў. Гэта даволі сур’ёзная задача для нас, але ўжо 14 працэнтаў бытавых абанентаў у раёне на сённяшні дзень абвязаны ў АСКУЭ.

Будучае Івацэвіцкага РЭС я звязваю з паскарэннем і пашырэннем маштабнай мадэрнізацыі эксплуатуемага абсталявання. А наш калектыў, паважаючы традыцыі, закладзеныя ветэранамі прадпрыемства, гатовы выканаць свае задачы на самым высокім узроўні.

Аляксей Мікалаевіч Папко нарадзіўся ў 1977 годзе ў г. Барысаве. У 1999 годзе скончыў БДПА па спецыяльнасці электраэнергетыка. Пачаў працоўны шлях у 2000 годзе майстрам ЭТЛ у брыгадзе кабельных ліній. З 2002 да 2005 года працаваў майстрам па рамонце ТП, РП. У 2006 годзе ўзначаліў РЭС. Мае ўзнагароды – ганаровыя граматы РУП «Брэстэнерга» і Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў.

Што сабой уяўляе сёння энергетычная сістэма раёна

Галоўным энергетычным аб’ектам раёна з’яўляецца сістэмная падстанцыя 220 кВ «Івацэвічы». Вузлавых падстанцый 35-110 кВ у РЭС маецца 11.

Калектыў, а гэта 89 чалавек, ажыццяўляе эксплуатацыю паветраных ліній электраперадач працягласцю 1881,8 км, у тым ліку паветраных ліній напружаннем 10 кВ – 987,0 км, напружаннем 0,4 кВ – 894,8 км. Раён вялікі па тэрыторыі, таму каб работа вялася эфектыўна і аператыўна, створаны чатыры ўчасткі электрасетак: Івацэвіцкі, Целяханскі, Косаўскі і Даманаўскі.

Івацэвіцкім участкам кіруе майстар Вячаслаў Зыбайла, і чатыры яго электраманцёры выконваюць рамонт ліній электраперадач у горадзе Івацэвічы і ў прыгарадных вёсках. Сёлета яны адрамантавалі больш за 50 кіламетраў сетак электраперадач напружаннем 0,4-10 кВ.

Даманаўскім участкам, з якога пачыналася фарміраванне энергасістэмы Івацэвіцкага раёна, кіруе Андрэй Змітручэня. У мінулым гэты ўчастак быў самым буйным у структуры Івацэвіцкага РЭС. Сёння тут працуе 6 чалавек.

Целяханскі ўчастак самы вялікі па плошчы абслугоўвання і самы складаны па ўмовах работы, паколькі большая частка ліній электраперадач 10 кВ праходзіць па лясных масівах. Тым не менш, з аб’ёмам работ 6 работнікаў пад кіраўніцтвам майстра Алега Тысевіча спраўляюцца.

Косаўскі ўчастак узначальвае майстар Ігар Міскевіч. У яго падраздзяленні 4 чалавекі, у зоне абслугоўвання іх знакамітыя турыстычныя аб’екты Косаўшчыны, горад Косава і прылягаючыя вёскі.

Акрамя таго, РЭС абслугоўвае 125,5 км кабельных ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 106,7 км – напружаннем 0,4 кВ. Абслугоўваннем кабельных ліній электраперадач займаецца брыгада з трох электраманцёраў – незаменных у сваёй справе спецыялістаў, пад кіраўніцтвам вопытнага майстра Сяргея Шаўкуна.

Яны падтрымліваюць у рабочым стане гаспадарку кабельных сетак РЭС, аказваюць паслугі іншым прадпрыемствам падчас непрадбачаных сітуацый.

На аператыўным абслугоўванні знаходзіцца 727 трансфарматарных падстанцый 10/04 кВ, у тым ліку 179 закрытых ТП, агульнай магутнасцю 147,1 МВА. Іх абслугоўваннем займаецца брыгада з чатырох чалавек пад кіраўніцтвам майстра Аляксандра Бурдзя.
Дасканала ведаць раён трэба таксама работнікам брыгады па абслугоўванні вулічнага асвятлення. Яна была ўтворана ў 2005 годзе. Падраздзяленне з трох электраманцёраў узначаліў Аляксандр Кронда. У брыгадзе працуе вопытны «воін» брыгады Васіль Букшта. Брыгада абслугоўвае 109 сельскіх населеных пунктаў, 3197 ліхтароў, 454,4 км сетак вулічнага асвятлення. Таксама гэта брыгада прыцягваецца да аказання паслуг па прынцыпе «адно акно». У арсенале брыгады маецца новая сучасная аўтавышка, якую атрымалі сёлета. Брыгада прайшла навучанне для работы пад напружаннем без адключэння спажыўцоў.

Наш Івацэвіцкі раён электрасетак рэалізуе электрычную энергію 28 282 бытавым і 552 юрыдычным абанентам, усяго 31 519 разліковых кропак уліку па стане на 1 студзеня 2021 года. Абслугоўваннем прыбораў уліку і кантроль за электраспажываннем ажыццяўляе аддзел збыту, якім кіруе Аляксандр Ерамейка. Менавіта гэтай службе пастаўлена задача займацца ўкараненнем АСКУЭ.

Усё большую важнасць набывае дыспетчарская служба. Круглыя суткі маніторыць сітуацыю па электразабеспячэнні раёна дзяжурны дыспетчар, якому ў аператыўным плане падпарадкоўваецца нават начальнік РЭС. Ён кіруе ўсімі працэсамі, дае распараджэнні ўсім брыгадам і ажыццяўляе ўсе аператыўныя пераключэнні. У дыспетчарскай службе працуе 19 чалавек пад кіраўніцтвам начальніка РДС Сяргея Сазончыка – самы кваліфікаваны персанал. Яны маюць усе правы, допускі і самую высокую катэгорыю ў РЭС.

Віншуем з узнагародамі!
Сёлета энергасістэма Рэспублікі Беларусь адзначае юбілей – 90-годдзе з дня ўтварэння. Да гэтай знамянальнай даты ўзнагароджаны:
электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак Васіль Букшта – юбілейнай Ганаровай граматай дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга»;
электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак Георгій Міронаў – Ганаровай граматай РУП «Брэстэнерга»;
электраманцёр аператыўна-выязной брыгады Сяргей Заранка – падзякай РУП «Брэстэнерга»;
непрацуючы пенсіянер Таццяна Чаховіч – Ганаровай граматай РУП «Брэстэнерга».

Калектыў Івацэвіцкага РЭС віншуе калег з Днём энергетыка
Вы дорыце людзям цяпло зімой і святло глыбокай ноччу, ваша высакародная праца настолькі важная, што свята энергетыкаў можна лічыць усенародным. Няхай падзяка і павага людзей дапамогуць вам справіцца з любой праблемай, кожны дзень будзе ўдалым, а ўсе задачы і праекты будуць вырашаны. Жадаем вам моцнага здароўя і высокага жыццёвага тонусу, дабра, міру і росквіту, агню ў сэрцы і доўгага, шчаслівага жыцця.

З гісторыі
Івацэвіцкі раён – адзін з буйнейшых на Брэстчыне. Электразабеспячэнне Івацэвічаў, Косава, Быцені і Целяхан у да- і пасляваенны час ажыццяўлялася з дапамогай лакамабіля і дызельных электрастанцый (ДЭС). У 1951-1955 гады была пабудавана Даманаўская ГЭС магутнасцю 3*125 кВт, ад якой праведзена лінія электраперадач ВЛ-10 кВ да населенага пункта Івацэвічы. З’яднаныя паветранай ЛЭП Даманаўская ГЭС і Івацэвіцкая ДЭС былі першай энергасістэмай раёна.

З уводам у снежні 1961 года аб’екта рэспубліканскага значэння Бярозаўскай ГРЭС вялікая энергетыка прыйшла і ў Івацэвіцкі раён. Пачалося актыўнае будаўніцтва ліній электраперадач і падстанцый, электрыфікацыя раёна была завершана ў 1967 годзе. Даманаўская ГЭС і Івацэвіцкая ДЭС былі выведзены з эксплуатацыі, а электрасеткі ад іх падключаны да дзяржаўнай энергасістэмы

Ля вытокаў электрыфікацыі раёна стаяў Міхаіл Судакоў, які кіраваў будаўніцтвам і эксплуатацыяй Лохазвінскай ГЭС і Даманаўскай ГЭС, а з сярэдзіны 1960-х гадоў да 1982 года быў начальнікам Івацэвіцкага РЭС. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Галоўным памочнікам кіраўніка быў яго намеснік Мікалай Шупенік.

У 1982 годзе Івацэвіцкі РЭС узначаліў Дзмітрый Гаўрыленя, які цвёрдай рукой кіраваў у часы палітычных і эканамічных катаклізмаў. Надзейным таварышам у яго быў намеснік і галоўны інжынер Мікалай Язерскі. У 1988 годзе калектыў электрасетак аказваў дапамогу энергетыкам пасля буйнейшага землятрусу ў Арменіі, і брыгада з 8 чалавек пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Мікалая Язерскага ўзнаўлялі лініі электраперадач 6-0,4 кВ у Спітакскім раёне. З пастаўленай задачай яны справіліся выдатна.

Калі ў 2000 годзе Дзмітрый Гаўрыленя заняў кіруючую пасаду ў адміністрацыі філіяла, Мікалай Язерскі ўзначаліў Івацэвіцкі РЭС і на гэтай пасадзе адпрацаваў да 2006 года. У 2006 годзе начальнікам Івацэвіцкага раёна электрасетак прызначаны Аляксей Папко. Галоўным інжынерам з таго ж 2000 года да 2016-га працаваў найдасведчаны энергетык Уладзімір Паліянчук. Яго змяніў Вячаслаў Бурдзь, які працуе на гэтай пасадзе і цяпер.

– Зарплата ў нас дастойная. Яшчэ ў кожнага з нас накопліваецца пэўная сума, якая выдаецца, калі чалавек ідзе на пенсію, і на пенсіі прыбаўка ёсць да зарплаты. Памер яе залежыць ад адпрацаванага ў арганізацыі стажу. Ёсць свой санаторый у Белаазёрску. Калі ласка, калі хочаш, едзь, адпачывай. Ну і іншыя «бонусы» прадугледжаны калектыўным дагаворам, – казаў галоўны інжынер Вячаслаў Бурдзь.

У калектыве работа вядзецца зладжана і паспяхова. Сёлета прынялі ў сваю каманду прафесіяналаў 5 новых работнікаў, і цяпер сярэдні ўзрост па калектыве – да 35 гадоў. А маладым і самыя амбіцыйныя задачы па плячы.

 

Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.