На Ганкі сядайце ў санкі!

У беларусаў шмат абрадаў і святаў, каларытных, поўных містыкі і народнай мудрасці. Адно з такіх святаў – Дзень зімовага сонцастаяння, або Ганкі.

Ганкі (Ганна) – прысветак, які адзначаецца 22 снежня. Гэта самы кароткі дзень і самая доўгая ноч года.

«На Ганкі запрагай каня ў санкі» – ужо зранку крычала моладзь, гурбой заскоквала ў санкі і каталася па ваколіцах. Сняжку ў гэты час было багата, таму  сані  нібы лёталі па дарозе.

Лічылася, што ад 22 снежня зіма «разварочваецца» на лета. У гэты дзень  прадказвалі надвор’е, кіруючыся прыказкай «па зіме і лета». Калі ішоў снег – да дажджу, мяцеліца – да дужага ветру, мароз – да сонейка.  Яшчэ ў гэты дзень заклікалі лета. Толькі прачнуўшыся, гаспадыні ішлі ў хлеў і «разварочвалі» авечак, кароўку, свінку да выхаду. Пасля абыходзілі клеці і свірны, гумны і пуні і там перастаўлялі кожную рэч, тым самым  «паварочвалі час да лета».

У гэтага дня была і царкоўная назва «Зачацце Святой Ганны» (маці Багародзіцы). Цяжарным жанчынам не раілі  выходзіць з хаты, бо лічалася, што ў самы кароткі дзень году нячыстыя сілы маюць асаблівую ўладу.

22 снежня лічылі сваім святам пчаляры. У гэты дзень яны прамаўлялі над сваімі вуллямі замовы – на добры ўраджай мёду.

Падрыхтавала Таццяна ДЫЛЮК.