«Інфарматыка без разеткі»: як у дзіцячых садках рыхтуюць юных праграмістаў

Дашкольныя ўстановы адукацыі Івацэвіцкага раёна далучыліся да праекта «Інфарматыка без разеткі», які быў запушчаны пад эгідай Парку высокіх тэхналогій. У нашым раёне праект дзейнічае на базе ДУА «Дзіцячы яслі-сад №1 г. Івацэвічы», «Дзіцячы яслі-сад №4 г. Івацэвічы», «Дзіцячы яслі-сад №5 г. Івацэвічы».

Сучасныя дзеці трапляюць у свет высокіх тэхналогій і гаджэтаў раней, чым вучацца чытаць і пісаць. Таму адукацыйны праект «Інфарматыка без разеткі» ў наш час вельмі актуальны. Мэта праекта – развіццё алгарытмічнага мыслення і логікі ў дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту. У многіх склалася ўражанне, што быць праграмістам – гэта добра разбірацца ў камп’ютары, але перш за ўсё гэта значыць мець асаблівы стыль мыслення. Адметная асаблівасць праекта заключаецца ў тым, што падрыхтоўка дзяцей да вывучэння інфарматыкі праводзіцца без выкарыстання камп’ютара: у нататніках, на падлогавым палатне, з выкарыстаннем картак. Усе ўяўленні і навыкі фармуюцца ў дзяцей у форме гульні, у гэтым ім дапамагае спецыяльная цацка – кот Алесік. Рабяты з цікавасцю выбіраюць карткі з нелагічнымі малюнкамі з лагічнага шэрагу, дэманструюць паняцце «адмаўленне». У дзяцей нават ёсць свая форма для заняткаў – белыя майкі з забаўным рыжым персанажам – катом Алесікам.

Пасля кожнага занятку рабяты разам з выхавацелямі абавязкова рэфлексуюць: якія заданні выклікалі цяжкасці, з якімі лёгка было справіцца, што больш за ўсё спадабалася. А яшчэ ў дзяцей ёсць дзённікі самаацэнкі з наклейкамі ў выглядзе эмацыйны смайлікаў.

– Нашыя педагогі з цікавасцю ўспрынялі магчымасць паўдзельнічаць у праекце «Інфарматыка без разеткі», бо гэта штосьці прынцыпова новае. Прайсці анлайн-курсы і атрымаць сертыфікат Парка высокіх тэхналогій было вельмі няпроста. І наш педагог Наталля Пятроўна Хвалько прайшла праз гэтае няпростае выпрабаванне, – расказала загадчык ДУА «Яслі-сад №4 г. Івацэвічы» Алена Іванаўна Навумчык. – Педагог адзначае, што навучанне было пазнавальным і карысным, пасля яго праходжання ёй быў прадастаўлены доступ да метадычных рэкамендацый, планаў-канспектаў і нагляднага матэрыялу да ўсіх заняткаў праграмы. Заняткі «Інфарматыкі без разеткі» праводзяцца двойчы на тыдзень, іх наведвае 20 дзяцей з розных груп. Дзецям вельмі падабаюцца незвычайныя заняткі, бацькі адзначаюць, што дзеці з вялікім задавальненнем расказваюць пра свой новы вопыт. Бацькі таксама ўпэўнены, што гэтыя навыкі спатрэбяцца рабятам у школе.

– Праект «Інфарматыка без разеткі» рэалізуецца ў нас у форме гуртка. Ён праводзіцца на базе адной групы, дзе займаецца 12 чалавек. Перад кожным паўгоддзем педагогі праходзяць навучанне і атрымліваюць сертыфікат, – расказала Вольга Мікалаеўна Арцёмчык, якая з’яўляецца цьютэрам гэтага праекта ў ДУА «Дзіцячы яслі-сад №1 г. Івацэвічы».

– Дзецям вельмі падабаюцца нашы заняткі. Яны праходзяць вельмі дынамічна, ніхто не сядзіць за сталом на працягу 25 хвілін, у нас праходзяць розныя актыўнасці. І трэба сказаць, што такія заняткі дапамагаюць дзецям раскрыцца. Часам дзіця падчас іх можа паказаць такія веды, якія не праяўляюцца падчас звычайных заняткаў. Таксама дзець аналізуюць сваю работу, ацэньваюць яе рэзультат з дапамогай наклеек. Трэба дадаць, што педагог таксама вучыцца разам з дзецьмі. І думаю, што гэтыя веды абавязкова спатрэбяцца ім у далейшым жыцці, можа, і ў выбары будучай прафесіі.

– У нашым садку ў праекце ўдзельнічаюць 13 дзяцей са старэйшых груп. Але ўжо ёсць жадаючыя, якія хочуць да іх далучыцца. Будзем разглядаць магчымасць стварыць яшчэ адну групу. Я лічу, што гэта адзін з паказчыкаў таго, што гэты праект запатрабаваны, – адзначае загадчык ДУА «Яслі-сад №5 г. Івацэвічы» Таццяна Уладзіміраўна Бяляева. – Для дзяцей вельмі важна развітае лагічнае мысленне. Якаснае асваенне лагічных аперацый дае магчымасць дзецям мысліць ясна і выразна, павышае самастойнасць і пазнавальную актыўнасць. А гэта ў сваю чаргу спрыяе паспяховаму навучанню ў школе. Акрамя таго, сёння вельмі важна навучыць дзяцей каманднай рабоце, і падчас заняткаў «Інфарматыкі без разеткі» дзеці атрымліваюць навыкі камунікацыі. Водгукі ад дзяцей і бацькоў аб гэтым праекце толькі станоўчыя.

 

Ганна Ільяшэвіч.