Цудоўны падарунак для жыхароў Целяхан!

Як вядома, год назад у Целяханах упала воданапорная вежа. Камунальнікі спрацавалі аператыўна – і ўжо ў той самы дзень, праз некалькі гадзін, водазабеспячэнне было падключана да ўсіх дамоў і кватэр пасёлка па схеме без воданапорнай вежы.

Тым не меней, паўстала пытанне аб будаўніцтве новай воданапорнай вежы – больш магутнай і сучаснай – на 175 куб. м. вады (папярэдняя мела аб’ём каля 100 куб. м.). Падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя, за работу прыняліся працаўнікі СПМК-132 (Брэст) і Івацэвіцкай ЖКГ. Аб’ект – няпросты, яго ўзвядзенне патрабуе належнага выканання будаўнічых норм і правіл, нават майстэрства! Гэта будзе ўнікальная вежа, падобных у Івацэвіцкім раёне няма, а ў Брэсцкай вобласці іх адзінкі. Не ўсе арганізацыі захацелі браць гэты аб’ект, бо ён складаны, а вось нашы камунальнікі не пабаяліся, прыняліся за справу і паэтапна вядуць будаўніцтва.

Цудоўны падарунак для жыхароў Целяхан!

Што дасць будаўніцтва і ўвод новай воданапорнай вежы, якая, дарэчы, поўнасцю адпавядае патрабаванням экалагічных, санітарна-гігіенічных і другіх норм? Безперабойную падачу абанентам вады, якая цяпер стане значна больш высокай якасці. Увод воданапорнай вежы таксама дазволіць стабілізаваць падачу вады; ціск яе на сённяшні дзень не пастаянны, што прыводзіць да скаргаў спажыўцоў, бо эксплуатацыя электракатлоў, пральных машын і іншых бытавых прыбораў прадугледжвае стабільны ціск вады.
Як плануецца, новая воданапорная вежа, якая, паўтаруся, стане найлепшым падарункам для целяханцаў, будзе пушчана ў эксплуатацыю ў сярэдзіне студзеня новага 2022 года.

 

Андрэй РЭГЕС, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама.