Спагадлівае сэрца Галіны Раждзественскай

…Калі ехалі ў Міронім, дзе працуе Галіна Раждзественская, якую нам рэкамендавалі як аднаго з лепшых сацыяльных работнікаў раёна, то нявольна праводзілі паралель паміж прозвішчам сацработніка і знакамітага рускага паэта Роберта Раждзественскага. Планавалі пажартаваць на гэты конт.

Цяпер уявіце, якое было наша здзіўленне, калі высветлілася, што аднолькавае прозвішча – не супадзенне: гераіня нашай публікацыі была замужам за ўнукам класіка рускай літаратуры, іх агульны сын – праўнук паэта!..

Вось якія нечаканыя адкрыцці робіш, калі наведваешся ў глыбінку.

Так, Галіна Раждзественская нарадзілася ў Міроніме, яна мясцовая; пэўны час жыла ў Расіі, дзе выйшла замуж, паўторымся, за ўнука знакамітага паэта. Вярнуцца на радзіму прымусілі наступныя абставіны: цяжка захварэў бацька. Ён быў яшчэ адносна маладым, але за ім патрабаваўся догляд. Галіна не магла пакінуць без увагі дарагога сэрцу чалавека, вярнулася ў Міронім. Усе сілы накіравала на тое, каб захаваць жыццё і здароўе таты, адначасова працавала на ФАПе, у сельмагу, а прыкладна 10 гадоў назад стала сацыяльным работнікам. На жаль, і тата, і мама Галіны памерлі; усю сваю любоў і спагаду яна накіравала на сваіх падапечных – бабуль і дзядуль, для якіх стала сапраўднай памочніцай, апорай у жыцці.

– Мая пяшчота да гэтых людзей грунтуецца яшчэ і на тым, што ў нашай аддаленай вёсцы многія ў большай ці меншай ступені з’яўляюцца родзічамі – і маім бацькам, і, адпаведна, мне. Яны жылі і працавалі разам з татам і мамай, аднаўлялі жыццё пасляваеннае, уздымалі калгас – і я не магу адносіцца да іх раўнадушна, – гаворыць Галіна. – Ад іх я многае даведваюся пра сваю радню, пра станаўленне вёскі ўвогуле. Канешне, асноўны клопат – выканаць усе абавязкі, што ўскладзены на мяне, як сацработніка, але, паверце, далёка не толькі дзеля гэтага чакаюць яны майго прыходу…

Галіна Раждзественская мае на ўвазе наступнае: пажылому чалавеку важна выгаварыцца, паўдзельнічаць у гутарцы, даведацца пра навіны роднай вёскі. І калі ёсць слухач, то доўга і з задавальненнем расказваюць пра сваю маладосць, пра людзей Міроніма… Так, 90-гадовы Уладзімір Манькоўскі, да якога мы завіталі ў дом (тут якраз працавала Галіна), шмат нам расказваў пра сваю сям’ю, жонку, дзяцей, пра сакрэты даўгалецця, працоўную біяграфію; ён у гады маладосці працаваў у Расіі, Літве. Калі вярнуўся ў Міронім, то ўладкаваўся ў калгас, дзе дабіўся значных поспехаў, мае ўзнагароды, бо на адкорме буйной рагатай жывёлы атрымліваў кілаграмовыя прывагі… Адчувалася: Уладзіміру Андрэевічу так хочацца пагаварыць…

Яшчэ адзін штрых, які яскрава падкрэслівае запатрабаванасць сацработніка. Калі падапечныя Галіны Раждзественскай адчуваюць сябе кепска, то тэлефануюць не ў «хуткую», а непасрэдна Галіне. Нават сярод ночы! Гераіня публікацыі добра ведае ўсе балячкі падапечных, дае слушныя парады ў тым ліку і медыкам…

– Цяжка перажываю гэтую жыццёвую непазбежнасць – смерць бабулек ці дзядуль, за якімі ажыццяўляю догляд. Не магу гэта прыняць! Адна з маіх падапечных памерла прыкладна год назад, а я па звычцы цэлы год паварочваю на яе падворак; ніяк не магу адвыкнуць – такая мілая, добрая была бабуля… Канешне, мы ўсе пакінем белы свет – гэта, паўтаруся, непазбежнасць, але калі сэрцам прыкіпеў да чалавека, то не можаш прыняць гэта спакойна. Цяжка перажываю, вельмі цяжка…

 

Аляксандр ГОРБАЧ,
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).