Першы ў гэтым годзе 100-гадовы юбіляр

У першы дзень 2022 года Ніна Асобік з Харошчы адзначыла свой юбілей – 100 гадоў! У мінулым годзе раёнка ўжо пісала пра найстарэйшую харашчанку – жанчыну з няпростым лёсам, юнацтва якой выпала на ваенныя гады.

Ніна Архіпаўна прайшла пешшу 260 км у родную вёску з Маладзечна, там яна працавала трактарысткай, пасля такога шляху пакінуць родную Харошчу не магла і не хацела. Тут выйшла замуж, нарадзіла пяцёра дзетак; першынца, дачушку Вольгу, яшчэ немаўляткам загубіў у вайну тыф. Двух сыноў таксама ўжо няма ў жывых. Але ў гэты святочны дзень побач былі дачка Людміла Іванаўна, з ёй юбілярша зараз зімуе ў Івацэвічах, і сын Уладзімір Іванавіч. А яшчэ былі ўнукі, зяць, нявестка. Праўнукі з прапраўнукамі, якіх ужо пяцёра, яшчэ ехалі да любімай бабулі.

3 студзеня з гучнай песняй, кветкамі і падарункамі ў госці да Асобікаў завіталі прадстаўнікі ўлады і не толькі: Аляксандр Велікаселец, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама; Дзяніс Пакалюк, дырэктар ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН»; Наталля Хоміч, старшыня Мілейкаўскага сельвыканкама; сваю былую супрацоўніцу віншавала кіраўніцтва ААТ «Івацэвічыагратэхсервіс»; галоўны дакумент, пашпарт, Ніне Асобік уручыла спецыяліст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС Юлія Жорава.

Сімвалічна ў такі дзень музычнымі нумарамі Ніну Архіпаўну віншавалі артысты аўтаклуба ДУК «Івацэвіцкая раённай клубная сетка». Загадчыца Алена Цыбульская добра памятае, як і ў свае 90 гадоў на вясковых святах прыгожа спявала і танчыла Ніна Архіпаўна, а яе тканыя пакрывалы і ручнікі бралі на выстаўкі. Падчас нашай першай сустрэчы ў мінулым годзе бабуля, сведка вайны, марыла аб адным – каб з’явіўся помнік з імёнамі расстраляных немцамі юнакоў-партызан, там быў і яе малодшы брат Васіль Герман. І вось у мінулым годзе на месцы пахавання аднавяскоўцаў-герояў з’явіўся Крыж і шыльда з чатырма прозвішчамі. Юнакі дапамагалі партызанам, за гэта паплаціліся. Цяпер на душы ў нашай юбіляршы спакойна – іх подзвіг дакладна не забудзецца, і будзе сцяжынка да іх магілы, нават калі не застанецца ў вёсцы ніводнага сведкі тых падзей…

Змакрэлі вочы ў Ніны Архіпаўны, плакалі дочкі з унучкамі ад шчасця. Бо гэта такі падарунак лёсу: у сваёй памяці і добрым стане сустрэць вялікі юбілей, а яшчэ большае шчасце – і ў 70 быць дачкой, а ў 50 – унучкай! Здароўя Вам і яшчэ доўгіх гадоў жыцця, Ніна Архіпаўна!

У Ніны Архіпаўны адразу тры дні нараджэння – тры варыянты ды з родных крыніц.

Малодшая сястра Люба памятае расказ сваёй маці пра тое, што Ніначка нарадзілася на Уведзенкі (царкоўнае свята Увядзення ў храм Найсвясцейшай Багародзіцы), а гэта ў снежні. Па дакументах Ніна Архіпаўна нарадзілася 1 студзеня. Сама ж жанчына ўсё жыццё святкавала дзень нараджэння 17 студзеня. Зараз ёсць думкі, што гэта магчымая дата хрышчэння… Вось такая блытаніна, ці нагода святкаваць адразу тры даты?

Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ