Іх жаданне – быць здаровымі

Каля трыццаці дзяцей з інваліднасцю прынялі ўдзел у навагоднім прадстаўленні «Навагодняя казка аб куфары шчасця» ў ДУДАДЗіМ «Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы».

Напярэдадні святаў у цэнтры прайшоў шэраг навагодніх прадстаўленняў, адно з іх – для асаблівых дзетак. На лёс такіх юных і прыгожых гасцей свята выпала выпрабаванне. Спраўляцца з хваробай ім прасцей, калі ёсць настрой, калі побач рука і ўсмешка дарослага.

27 снежня сюды былі запрошаны ўсе дзеці з інваліднасцю з раёна, для іх былі падрыхтаваны салодкія падарункі ад аддзела па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама.

Верыць у цуд і загадаць самае запаветнае каля святочнай ёлкі дзецям пажадала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Бялевіч. Яна ж уручыла дыпломы юным пераможцам творчага конкурсу «Сябруюць дзеці на планеце». А пасля ў зале «пасялілася» казка…

Злюкі і Ведзьма амаль сарвалі нам усім свята, выкраўшы куфар шчасця. Чараўніца разам з Сёстрамі-Агеньчыкамі пачалі ратаваць куфар. Дапамаглі Кот Леапольд, які ўварваўся ў залу на самакаце, а яшчэ Карлсан і Папялушка. І толь-
кі калі ўсё неабходнае для шчасця – дабрыня, сяброўства, смех і вяселле, працавітасць і надзея – напоўнілі куфар, то свята адбылося і заззяла навагодняя ёлка. Дзед Мароз са Снягуркай запрасілі ўсіх-усіх у вялікі карагод.

Цікавы сюжэт, яскравыя касцюмы, любімыя героі і дабрыня ў пераможцах – такім убачылі свята дзеткі. Маё ж вока «зачапілася» за адносіны дарослых да такога асаблівага ранішніка. Як ветліва сустракалі гасцей у фае цэнтра героі-Ёлачкі, яны ж дапамагалі зарыентавацца дзеткам у калідорах будынка. З якім разуменнем усіх асаблівасцей было арганізавана свята. Музыка не надта гучная, каб не спужаць, большасць гульняў прайшла на месцы, а танцы і карагод дапамагалі арганізаваць героі. Яны падказвалі дзецям, бралі над імі шэфства. Ці не гэта галоўнае? Падарыць кожнаму свята з улікам яго пажаданняў і магчымасцей.

Пра гэта гаварыла і Алена Часовіч, якая выхоўвае сына з інваліднасцю:

– У сына лёгкая ступень аўтызму, пачатковую школу мы закончылі ў звычайным класе. Зараз ужо другі год сын вучыцца дома, і ў гэтай чвэрці ён выдатнік! Для мяне гэта вялікая радасць, спадзяюся, што ён атрымае прафесію і будзе самастойным па жыцці наколькі гэта магчыма. Настаўнікі ў нас неверагодныя, дзякую педагогам ДУА «СШ №1 г. Івацэвічы», аднак на надомным навучанні ўсё ж ёсць дэфіцыт сяброў. Сын прыйшоў на свята, хоць ён не любіць гучнай музыкі, але вось танчыць каля ёлкі і радуецца. Дзякую арганізатарам за магчымасць «выйти в свет» і за асаблівы настрой!

Дзетвара доўга разглядала салодкія падарункі і фатаграфавалася з героямі. Адно іх адрознівае ад звычайных дзяцей: сярод іх пажаданняў на Новы год пункт быць здаровым – першы ў чарзе.

 

Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ