Для далейшага няўхільнага развіцця Беларусі

6-га студзеня асабовы склад Івацэвіцкага райаддзела міліцыі, яго ветэранская арганізацыя прынялі ўдзел у абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Выступоўцы Вадзім Пастаялка, начальнік РАУС, і Ларыса Колбік, намеснік начальніка, адзначылі: наша краіна стаіць на парозе новага этапу развіцця, які патрабуе змяненняў Асноўнага Закону. У свой час у рэспубліцы дзейнічалі канстытуцыі БССР і Рэспублікі Беларусь, апошняя была прынята 15 сакавіка 1994-га года. Але Асноўны Закон патрабуе абнаўлення, каб адпавядаць патрабаванням сённяшняга часу, забяспечыць далейшае няўхільнае развіццё краіны.

На якіх артыкулах праекта спыніліся выступоўцы? Арт. 32, дзе гаворыцца аб тым, што шлюб, як саюз мужчыны і жанчыны, знаходзіцца пад абаронай дзяржавы; арт. 36 – у ім вядзецца гутарка пра свабоду аб’яднанняў; арт. 45 – права на ахову здароўя; арт. 46 – права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і пра развіццё атамнай энергетыкі; арт. 47 – на сацыяльнае забеспячэнне, арт. 54 – на захаванне гістарычнай, культурнай і духоўнай памяці; арт. 64 – гутарка ў ім вядзецца пра правы выбаршчыкаў; арт. 70 – расходы на падрыхтоўку і правядзенне выбараў… На многія іншыя аспекты звернута ўвага, прадстаўлены раздзел аб статусе, паўнамоцтвах і функцыях Усебеларускага народнага сходу.

Супрацоўнікі райаддзела Сяргей Юнкевіч, Васіль Жур, Сяргей Белаблоцкі, прадстаўнікі ветэранскай арганізацыі абмеркавалі асноўныя змены, прынялі актыўны ўдзел у дыскусіі; зроблены агульны вывад: новы праект Канстытуцыі ідзе ад жыцця, ён захоўвае сацыяльныя гарантыі кожнага грамадзяніна краіны.

Ларыса КОЛБІК, намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС.