Лясны дальнабойшчык Генадзь Саўчык праязджае за год на грузавым аўтамабілі «МАЗ» да 50 тысяч кіламетраў

Толькі адзін штрых біяграфіі героя нашай публікацыі – вадзіцеля Івацэвіцкага лясгаса Генадзя Саўчыка: калі ён прыкладна 25 гадоў назад звальняўся з Івацэвіцкага льнозавода і пераходзіў на працу ў Івацэвіцкі лясгас, то кіраўніцтва льнозавода не хацела адпускаць Генадзя. Ён на гэта паскардзіўся тагачаснаму дырэктару лясгаса Яўгену Ліпскаму, а той прамовіў наступнае: «Гэта вельмі добра, што цябе не хочуць адпускаць. Значыць, ты работнік талковы. Было б значна горш, калі б на льнозаводзе не ведалі, як ад цябе пазбавіцца».

І вось ужо каля чвэрці стагоддзя працуе наш зямляк Генадзь Саўчык вадзіцелем на вывазцы лесаматэрыялу. Першым аўтамабілем, за руль якога сеў ён у першы год работы, стаў «Урал»; ён вылучаўся высокай праходнасцю, мог выбрацца з любой лясной лужы ці каляіны, але пры гэтым меў не самую высокую грузапад’ёмнасць – каля 8 куб. м. лесу мог вывезці. Іншая справа – сучасны «МАЗ» з прычэпам, якім цяпер кіруе Генадзь: да 40 куб. м. драўніны (лес-кругляк) можа ўзяць на борт гэты магутны аўтамабіль з гідраманіпулятарам (герой нашай публікацыі самастойна праводзіць пагрузку лесаматэрыялу з дапамогай дадзенага кранавага механізма). Каб чытачу было лягчэй арыентавацца, скажу, што прыкладна столькі ж кругляка ўмяшчаецца ў чыгуначны вагон.

Наколькі складана кіраваць такім даўжэзным і, напэўна, непаваротлівым транспартным сродкам у лесе, на дарогах агульнага карыстання?

– Няпроста ў лесе, няпроста і ў горадзе. Але ж у мяне даволі вялікі вопыт работы; ёсць разуменне, якую сур’ёзную адказнасць ты нясеш, кіруючы цяжкагрузным аўтамабілем. Дастаткова згадаць выпадак у Ружанах, калі вадзіцель таксама перавозіў лес-кругляк, але дапусціў здарэнне, якое прывяло да гібелі пешаходаў. Таму ўсведамляю: мацаванне грузу, хуткасць руху, манеўраванне – любы рух павінен быць абдуманым. Выехаў за вароты лясгаса – і ты адказваеш за ўсё: за аўтамабіль, за груз… На некаторых дарогах агульнага карыстання, нават асфальтаваных, прыходзіцца зніжаць хуткасць, спыняцца, бо не раз’ехацца з сустрэчным транспартным сродкам. Такая вузкая дарога паміж Лагішынам і Ганцавічамі. Што тычыцца лясных дарог, то якасць іх павысілася значна; наша інжынерная служба сочыць за тым, каб іх стан быў здавальняючы. Хаця, самі разумееце, на такіх дарогах не разгонішся, бывае, што гадзіну, а то і болей трэба патраціць на тое, каб выбрацца з ляснога масіву…

А «марш-кідкі» здзяйсняе Генадзь Саўчык сур’ёзныя: учора ў Пінск, сёння ў Ліду, а заўтра можа быць паездка і ў Ваўкавыскі раён… За працоўны дзень паспявае і двойчы даставіць лесаматэрыялы, да прыкладу, у Пінск, хаця адлегласць да гэтага горада каля 100 кіламетраў. За год – каля 50 тысяч кіламетраў. І на кожным павароце, на кожным участку трэба быць максімальна абачлівым. Ці не занадта напружаная работа?

– Работа падабаецца, ведаю ўсе яе асаблівасці ад «А» да «Я». І працаваць стала лягчэй – прыкладна год назад мне даверылі новы сучасны «МАЗ», на якім устаноўлены больш якасны гідраманіпулятар… Калектыў лясгаса – прафесіяналы; тут моц-
ная служба інжынераў і механікаў, якія добра ведаюць сваю справу. Што тычыцца заробкаў, то яны дастойныя, але, канешне, залежаць ад таго, якую работу ты выканаў, колькі лесаматэрыялу перавёз… Аднак мне падабаецца такая гонка!
Каментарый Мікалая Навіцкага, галоўнага механіка Івацэвіцкага лясгаса:

– Генадзя Саўчыка калектыў вадзіцеляў паважае таму, што ён дасканала ведае тэхніку, якасна эксплуатуе і абслугоўвае яе, шануе. Генадзь неаднаразова атрымліваў узнагароды ад Міністэрства лясной гаспадаркі, абласнога аб’яднання, Івацэвіцкага лясгаса. На яго можна пакласціся, ён цудоўны прыклад для маладых вадзіцеляў, якім, дарэчы, дапамагае і словам, і справай. Таму нядзіўна, што менавіта яго імя занесена на раённую Дошку гонару.

Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.