…А наперадзе новыя задачы

Тамара Лазарчук, брыгадзір вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі СВУ «Даманава», памятае тыя часы, калі ў іх сельгаспрадпрыемстве былі настолькі складаныя праблемы ў галіне жывёлагадоўлі, што кароў пасля расцёлу падвязвалі да столі вяроўкамі, бо яны, саслабелыя па прычыне адсутнасці кармоў, не маглі самастойна стаць на ногі. Няцяжка ўявіць, якія мізэрныя надоі атрымлівалі тады на ферме.

Было тое некалькі дзясяткаў гадоў назад, з таго часу, як кажуць, шмат вады сплыло, і на сённяшні дзень на МТФ «Вішнёўка» дояць каля 25 кілаграмаў малака ад каровы (сярэдняя лічба па раёне – крыху больш за 18 кг).

Такім чынам, зроблены вялізны крок наперад. Што з’яўляецца складальнікам поспеху гаспадаркі, якая доўгі час, прабачце, боўталася ў хвасце ва ўсіх раённых зводках, а зараз – у ліку перадавых? Тлумачыць Тамара Лазарчук:

– Далучэнне да «Брэстаблгазу» стала важным фактарам у справе паляпшэння агульнай сітуацыі ў сельгаспрадпрыемстве, але гэта далёка не асноўная прычына. Пачаў выкрышталізоўвацца калектыў аднадумцаў, больш правільна расстаўлены прыярытэты. Працаўнікі – ад дырэктара да прыбіральшчыцы – разумеюць: дробязей у нашай рабоце няма. І калі, напрыклад, пачынаецца нарыхтоўка кармоў, то на сянажныя ці сіласныя ямы накіроўваюцца ўсе спецыялісты, бо кармы – наша ўсё. Гэта галоўнае! Ад іх якасці залежаць будучыя надоі…

На МТФ «Вішнёўка» каровы (уся жывёла тут племянная) атрымліваюць самыя сучасныя дабаўкі, для кожнага перыяду лактацыі – свае. Як згадвае Тамара Лазарчук, раней малолі нейкае шалупінне – ці можна было чакаць высокіх надояў? Рэзерв на сённяшні дзень бачыцца ў больш правільным і ўмелым правядзенні раздою, бо 25 кг малака ад каровы – дастойная лічба, але за 2022 год трэба атрымаць не меней за 27 кг, а то і болей.

Рэзервам у рабоце Тамара Лазарчук лічыць і кадравае забеспячэнне. Ферма – няпростае месца работы, не кожны пойдзе сюды працаваць, але той, хто прыйшоў, павінен дэманстраваць максімальную зацікаўленасць у выніках работы. «Не толькі кармы падсунуць жывёле, але і ў вочы ёй паглядзець! – заклікае сваіх падначаленых Тамара Яўгенаўна. – Трэба бачыць, што тая жывёліна закульгала, а ў той – вочы запалі, яна невясёлая, гэта значыць, што захварэла, хутчэй за ўсё».

Па словах брыгадзіра Лазарчук, на «Вішнёўцы» падабраўся добры калектыў аператараў машыннага даення – старанныя, адказныя. Увогуле, карэспандэнтаў раёнкі ўразіла чысціня і дагледжанасць кабінетаў і памяшканняў МТФ; Тамара Яўгенаўна адзначае прыбіральшчыцу Таццяну Давыдзік. Некаторыя наведвальнікі «Вішнёўкі» заўважаюць, што ў іх дома не такія чыстыя вокны, як на гэтай МТФ! А колькі кветак тут высаджваюць вясной! Калі прыходзяць працаваць неабыякавыя, адказныя людзі, то аддачу атрымаеш адразу, падкрэслівае Тамара Лазарчук.

 

Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.