А першапрычыны крыміналу – п’янства

У праваахоўныя органы звярнулася жыхарка Івацэвічаў М., якая патлумачыла, што з іх кватэры, дзе яна пражывае з мужам, прапалі 420 долараў.

Як паказала расследаванне, у той вечар да мужа (жонка адсутнічала дома) прыходзілі сябры. Спажывалі спіртное, гаспадар хадзіў у магазін «за пачастункамі», і некаторыя з гасцей, як высветлілася, у такія мінуты адчувалі сябе гаспадарамі. Адзін з іх, раней неаднаразова судзімы 34-х гадовы жыхар Івацэвічаў Р., і «прыбраў» гэтыя грошы.

У тую ж ноч прадстаўнікі праваахоўных органаў знайшлі 200 долараў, астатнія грошы Р. патраціў, хаця цераз пэўны час вярнуў іх гаспадару. Узбуджана крымінальная справа.

…На адной жыллёвай плошчы ў райцэнтры пражываюць былыя муж (63 гады) і жонка (45), а таксама сужыцель жонкі (28 гадоў). Адносіны не самыя добрыя – сваркі, спрэчкі, скандалы, бойкі. Працаўладкаваны толькі былы муж, а вось «маладыя», як кажуць, перабіваюцца выпадковымі заробкамі. У адзін з вечароў былы муж выклікаў міліцыю, маўляў, калі ён у нецвярозым стане спаў, з яго кішэні прапалі грошы. Няхай сума нязначная, але ўсё ж такі…

Высветлілася: крадзеж на сумленні былой жонкі, якая падзялілася грашыма з маладым сужыцелем, на астатнія грошы купіла «Амарэта» і цукеркі, бо накіроўвалася ў госці.

Узбуджана крымінальная справа.

Хрысціна ТАМАШУК, старшы следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь,

Вольга ЛІТВІНОВІЧ, следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.