Дзе часам знікаюць нашы грамадзяне

Лясныя ўгоддзі нашага раёна займаюць плошчу ў 1 374 кв. км – ледзь не палова ўсяго Івацэвіцкага краю. Аматарам збору грыбоў і ягад тут ёсць дзе разгуляцца. Але гэтая “перавага” прыносіць і нямала праблем, бо штогод фіксуюцца здарэнні, звязаныя з тым, што зборшчыкі прападаюць (блудзяць), на пошукі іх прыцягваюцца сотні чалавек – міліцыя, ваенныя, леснікі, вяскоўцы… 

Памыляецца той, хто думае, што толькі пажылыя ці псіхічна хворыя людзі ствараюць такія праблемы. Год назад у падобную сітуацыю трапіў малады мужчына з Целяхан ва ўзросце каля 35 гадоў, які накіраваўся за дарамі прыроды ў лясны масіў і заблудзіўся. Мабільны тэлефон у яго разрадзіўся; мужчына заначаваў ў лесе – поўнасцю страціў арыенціры. Толькі пад раніцу самастойна знайшоў дарогу дамоў. Родныя яго перажылі вельмі трывожную ноч. Супрацоўнікі міліцыі раніцай наступнага дня ўжо пад’язджалі да Целяхан, калі высветлілася: сітуацыя, на шчасце, вырашылася шчасліва. 

Хаця асноўны наш клопат і галаўны боль – пажылыя. Важна разумець: калі вам болей за 60 гадоў, калі пакутуеце на захворванні, то ў лясны масіў у адзіночку хадзіць вельмі непажадана. Дзеці, іншыя родзічы, суседзі – вось хто можа стаць вашым напарнікам. Абавязкова зарадзіце мабільнік, навучыцеся ім карыстацца правільна, тым болей, сувязь у аддаленым месцы можа быць няўстойлівая. Памятайце, што лес – гэта не толькі чарніцы, брусніцы, баравікі, маслякі… Лес – гэта таксама кляшчы, камары, гадзюкі. І рухацца тут у некалькі разоў цяжэй, чым па тратуары, па сцежцы. Патрабуюцца сілы! Лес “любіць” маладыя і дужыя ногі, а састарэламу чалавеку лепш усе ж такі дома пасядзець. 
Вельмі спадзяюся на тое, што вы, пажаваныя жыхары Івацэвіччыны, зробіце належныя вывады і задумаецеся на гэты конт. 
Хаця дастаткова многа прыходзіцца разбірацца ў сітуацыях, звязаных з неадэкватнымі, часам дзіўнымі паводзінамі людзей. Вось выпадак: жанчына прывезла свайго 50-гадовага брата, які пражывае ў в. Міронім, у Івацэвіцкую ЦРБ, сталі праходзіць урачоў, як раптам ён… знік. Шукалі ў бальніцы, бегалі вакол яе, патэлефанавалі ў міліцыю.

Высветлілася, што брат на штосьці пакрыўдзіўся і на спадарожных аўтамабілях ужо вярнуўся ў Міронім.

Яшчэ выпадак: маладая жанчына з Івацэвічаў тэлефануе ў міліцыю: прапаў муж, тры дні няма дома. Высветлілася наступнае: гэты малады чалавек паехаў з сябрам у Мінск, каб “пагалівудзіць”. З жонкай адносіны нацягнутыя, пасварыліся, ёй “можна нічога не паведамляць”.

Тэлефануюць з магазіна “МАРЦІН”: на работу не выйшла касір С., яна, маўляў, не магла нідзе затрымацца, бо радні ў яе няма. Дзяўчына знайшлася, але не можа не здзіўляць такая абыякавасць да жыцця: няўжо нельга было паведаміць хоць каму ў “МАРЦІНЕ”, што не выйду на работу? У час агульнай тэлефанізацыі гэта зрабіць элементарна. А за прагул жа могуць звольніць! У працоўнай кніжцы з’явіцца запіс, які сапсуе біяграфію. Чаму не думаем пра гэта? 
Дзмітрый КУЦКО, оперупаўнаважаны групы вышуковай работы аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.