Лётчыку вернута імя, целу знойдзены спачын…

22 чэрвеня 2019 года, у Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Целяханах адбылося перапахаванне рэшткаў загінулага ў 1941 годзе ў паветраным баі стралка-радыста, малодшага сяржанта Ваўка Карпа Платонавіча.

Яшчэ да поўдня ля брацкай магілы воінаў і партызан у цэнтры Целяхан пачалі збірацца мясцовыя жыхары.  У падножжы манумента – ганаровая варта ля невялікай труны з рэшткамі салдата, якія былі знойдзены на месцы падзення самалёта…

Такіх месцаў у нашым раёне старажылы згадваюць некалькі. Дайсці да кожнага, устанавіць нумар самалёта,  вярнуць гісторыі імёны загінуўшых лётчыкаў, перапахаваць іх рэшткі – задача і наша агульная, і добраахвотная створанага пошукавага гісторыка-патрыятычна-тэхнічнага атрада “Авіяпошук-Брэст”, які узначальвае Уладзімір Бухта. За час сваёй дзейнасці атрад вярнуў некалькі дзясяткаў імён, узняты ў розных кропках Брэстчыны самалёты з балот і рэк.

Месца падзення самалёта ў Выганашчанскіх балотах было вядома даўно, але подступы туды не давалі магчымасці правесці увесь комплекс мерапрыемстваў належным чынам. Два гады атрад “Авіяпошук-Брэст” займаўся пошукавай работай на месцы падзення, былі падняты на паверхню сотні дэталяў. Нарэшце, летась, быў падняты другі рухавік, і па яго нумары, скарыстаўшыся дадзенымі ваенных архіваў, быў дакладна устаноўлены экіпаж самалёта. Былі знойдзены і рэшткі аднаго лётчыка.

Як выявілася, гэта быў самалёт ДБ-3Ф нумар 1853, 2 звяно 5 эскадрыллі 212 авіяпалка дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі. З архіваў жа стала вядома, што камандзір і штурман выратаваліся пры падзенні самалёта, прайшлі праз лінію фронту і ваявалі далей. Загінулы лётчык, стралок-радыст – Воўк Карп Платонавіч. На жаль, правесці генетычную экспертызу рэшткаў, якія праляжалі ў балоце амаль 80  гадоў, з высокай ступенню дакладнасці, не ўдалося. Але ж ёсць дакументы, якія кажуць аб фактах.

Карп Воўк – стралок-радыст самалёта ІЛ-4. Украінец. Нарадзіўся ў 1919 годзе на Палтаўшчыне, у сяле Міронаўка. Быў жанаты, меў сына.

Яму было ўсяго 22. У журнале баявых дзеянняў авіяпалка значылася: “Малодшы сяржант Воўк, стралок-радыст, загінуў 24 чэрвеня 1941 года, самалёт згарэў”.

Калі сталі вядомымі гэтыя звесткі, да пошукавай работы падключылася консульства Украіны ў Брэсце. І праз нейкі час былі знойдзены родныя – сын, ягоная сям’я…

Ва ўрачыстай цырымоніі перапахавання ў Целяханах прымалі ўдзел ганаровыя госці з консульства Украіны ў Брэсце: консул Анатоль Дзідзенка і консул Віталь Пантус.

Аляксандр Велікаселец, намеснік старшыні райвыканкама перадаў консулу Анатолю Дзідзенку, каб той перадаў родным лётчыка адну невялікую частку самалёта, паднятую з балота. Ён казаў:

– Для сына лётчыка, для родных яго значнасць факта устанаўлення месца гібелі і цяпер ужо пахавання нельга пераацаніць. Гэта важна і для нас. Дзякую камандзіру атрада “Авіяпошук-Брэст” за іх шчырае памкненне душы ў справе пошукаў і вяртання старонак. Нам яшчэ многа трэба зрабіць, знайсці і вярнуць з небыцця.  Хочацца пажадаць усім, каб ведалі і шанавалі сваю гісторыю, зберагалі памяць – каб усе разам мы жылі ў сваёй краіне…

Консул Анатоль Дзідзенка найперш падзякаваў целяханцам за тое, што зберагаюць памяць аб загінулых у той страшнай вайне.

– Цяжка казаць у гэты дзень, бо ён і ў Беларусі, і ва Украіне – дзень памяці ахвяр вайны. І тым больш значна тое, што сёння праходзіць – перапахаванне рэшткаў загінулага лётчыка. Вялікая падзяка за шанаванне, за павагу, за памяць. Тое страшнае, што адбылося, ніколі не павінна паўтарыцца. Вечная памяць і слава тым, хто загінуў у той страшнай вайне. Хай спачываюць з мірам…

Словы падзякі целяханцам за іх адкрытасць, шчырую гатоўнасць дапамагчы словам і справай казаў кіраўнік атрада “Авіапошук-Брэст” Уладзімір Бухта.

– Дзякуючы і вам, мы ўсе разам, падкрэслю гэта – усім мірам, паднялі гэты самалёт. Было вельмі цяжка… Але мы зрабілі. І хай лётчык Карп Воўк спіць спакойна сярод сваіх братоў…

…Пах ладану, спевы пеўчых і словы малітвы – памінальную ліцію правёў настаяцель Свята-Троіцкага храма ў Целяханах протаіерэй Васіль Лавіцкі.

Хвіліна маўчання…

Труна апускаецца ў невялікую магілку ля падножжа помніка. Уздрыгваюць прысутныя ад нечаканых гучных стрэлаў жалобнага салюту. Па праваслаўнай традыцыі кідаецца па тры жмені зямлі…

І целяханцы кладуць на свежы бугарок жывыя кветкі – ружы і лілеі. Да помніка пад жалобную музыку аркестра ускладаюцца вянкі – адзін з чырвона-зялёнымі, другі – з жоўта-блакітнымі стужкамі. Валанцёры ускладаюць кветкі…

На мемарыльнай пліце брацкай магілы ў Целяханах з’хявіўся яшчэ адзін радок з імем і прозвішчам пахаванага тут салдата той страшнай вайны.

А целяханцы не спяшаюцца расходзіцца, ля камандзіра атрада Уладзіміра Бухты кола людзей. Старажылы спяшаюцца расказаць нейкі свой эпізод. Бо вераць, бо бачаць рэальную справу. Ім вельмі хочацца, каб урэшце закончылася вайна – і быў пахаваны ў брацкай магіле апошні загінулы на полі бою салдат…

Валерый Гапееў, фота аўтара.