Лепшы повар вобласці – Валянціна Даніловіч

21 чэрвеня на базе ДУ “Косаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” праходзіў абласны конкурс “Лепшы па прафесіі” сярод повараў стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання Брэсцкай вобласці. Пераможцам у ім стала шэф-повар ДУ “Косаўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” – Валянціна Даніловіч, рэзультат якой 288 балаў з трохсот магчымых. Яна ўзнагароджана Ганаровай граматай Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама.

Прыемна было, што ўсе прызёры і ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад Брэсцкай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.

Усяго ўдзельнікаў у абласным конкурсе было 10 чалавек. Яны прадстаўлялі 10 дамоў-інтэрнатаў вобласці, у якіх пражывае 2340 чалавек. Кожны прыехаў са сваёй групай падтрымкі, бо хваляванне падчас конкурсу проста зашкальвала.

Спаборнічалі канкурсанты ў чатырох турах. Першы – сервіроўка стала па свабоднай тэматыцы на 2-4 месцы – намінацыя “Вытанчанасць”, на падрыхтоўку адводзілася 20 хвілін. Другі тур – прыгатаванне салаты і гарачай стравы на дзве порцыі – намінацыя “Гаспадыня” – 90 хвілін. Трэці тур – мастацкая нарэзка з гародніны і садавіны “Умелыя рукі” – 20 хвілін і чацвёрты тур – прыгатаванне арыгінальнай стравы ў банкетным выкананні ў дамашніх умовах – намінацыя “Сюрпрыз”.

Старшыня Брэсцкай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Анатолій Кісялёў, які быў у якасці запрошаных гасцей конкурсу, падкрэсліў, што дзень конкурсу – гэта заўсёды свята.

Падводзячы вынікі член журы Ганна Паднюк дзякавала ўсім за ўдзел і казала, што усе ўдзельнікі – цуда-цуда повары.

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.