Акцыя “Зялёная планета”

Па ініцыятыве і падтрымцы Любішчыцкага сельскага Савета пад кіраўніцтвам Аляксандра Міраноўскага 4 красавіка была арганізавана акцыя па пасадцы амаль трохсот маладых дрэўцаў на пустыры каля вясковых могілак.

Самымі актыўнымі ў дзельнікамі акцыі сталі вучні 8-11 класаў ДУА “Любішчыцкая сярэдняя школа” і іх класныя кіраўнікі Лідзія Васільеўна Снітко, Ніна Рыгораўна Снітко, Іна Леанідаўна Снітко і Святлана Іванаўна Кравец. Дзеці прыдумалі назву гэтай высакароднай акцыі – “Зялёная планета”, казалі з ахвотай настаўнікі, а дзеці шчыравалі над пасадкай маладзенькіх саджанцаў. Кожны імкнуўся запомніць, дзе пасаджаны яго бярозкі ці елачкі і падпісаць на тых колцах сваё прозвішча. Працавалі ўсе з задавальненнем, нават не адмовіліся паўдзельнічаць і тыя, хто вызвалены ад фізічных нагрузак. І ўжо сёння было бачна, што юнакі і дзяўчаты будуць сачыць за тым, як прымуцца іх дрэўцы. Яны весела марылі разам, што будуць “праведваць” іх бярозавы гай і ў далейшым жыцці, дзе б ні апынуліся.

Раней на трохвугольніку гэтага пустыра была калгасная вагавая і размяшчаліся склады, а цяпер за парадкам на гэтым участку наглядае сельскі Савет. Пасадзіць тут дрэвы стала добрай задумкай.

– Гэтая акцыя – наша запланаванае мерапрыемства, – кажа старшыня Любішчыцкага сельвыканкама Аляксандр Міраноўскі, які ледзь паспяваў абсякаць колцы разам з хлапчукамі. – Дзякаваць дзецям, якія дружна выйшлі папрацаваць, мо, сёння не паспеем, то заўтра завяршым пачатае. Хацелася б падзякаваць і прадпрымальніку Сяргею Шэлесту, які выдзеліў нам матэрыял для колцаў, вяскоўцам, якія ўдзельнічалі ў нарыхтоўцы лесапасадачнага матэрыялу.

Свяціла сонца, слала прывітальныя промні добрай справе.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.