20 нецвярозых вадзіцеляў былі ўстаноўлены дзякуючы дапамозе грамадзян

Дарожна-транспартнае здарэнне ў Белаазёрску, калі ў выніку ДТЗ загінулі пяць чалавек, у тым ліку трое дзяцей, выклікала сур’ёзны рэзананс у грамадстве. Не можа не выклікаць абурэнне той факт, што вадзіцель транспартнага сродку быў нецвярозым, – і ён, тым не менш, асмеліўся сесці за руль. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк назваў абуральным гэты выпадак: «Усё можна разумець, але калі дзеці гінуць ні за што, то гэта прабачыць немагчыма».
Супрацоўнік «ІВ» звярнуўся да старшага інспектара АДАІ Івацэвіцкага РАУС Дзмітрыя Юдзіка з просьбай даць каментарый па дадзеным факце і патлумачыць, якую канкрэтна работу праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя, каб падобныя трагедыі не закранулі наш раён.
– Кожны супрацоўнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС настроены на бескампрамісную барацьбу з п’янствам за рулём – гэта нават не абмяркоўваецца. За першае паўгоддзе 2019 года ўстаноўлены 71 вадзіцель, хто дазволіў сабе сесці за руль у нецвярозым стане. Кожны з іх прыцягнуты да адказнасці, заплаціў штраф. У мінулым годзе за паўгода намі было затрымана 65 нецвярозых вадзіцеляў, – як бачыце, не вельмі палохаюць некаторых нашых грамадзян вялікія штрафы…
А яны на сённяшні дзень, сапраўды, немаленькія: нецвярозы вадзіцель заплаціць ад 50 да 100 базавых велічынь. Калі спынены двойчы на працягу года – то прадугледжана канфіскацыя транспартнага сродку. Асаблівая ўвага тым асобам, хто, не маючы вадзіцельскага пасведчання, сеў за руль, – 191 такі гора-вадзіцель быў вымушаны заплаціць штраф за «самадзейнасць» (штраф ад 5 да 20 б. в., калі паўторна на працягу года – ад 20 б. в. і болей; прадугледжаны арышт). Гэта на 57 чалавек больш, чым за першае паўгоддзе 2018 года. Нагадаем, той вадзіцель, на сумленні якога белаазёрскае ДТЗ, таксама быў раней пазбаўлены вадзіцельскага пасведчання за тое, што кіраваў аўто нецвярозым.
Тым не менш, ён асмеліўся сесці за руль.
Супрацоўнікі АДАІ Івацэвіцкага РАУС цяпер, у летні перыяд, пад асаблівым кантролем трымаюць зоны адпачынку каля вадаёмаў. Кантроль ажыццяўляем разам з супрацоўнікамі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Галоўнае, каб аўтамабілі стаялі на адлегласці не бліжэй за 30 метраў ад зрэзу вады, каб нікому не прыйшла і думка сесці за руль нецвярозым.
Мы вітаем нераўнадушнасць нашых грамадзян, вельмі ўдзячны ім за гэта. Так, 20 нецвярозых вадзіцеляў у нашым раёне ў 2019 годзе былі ўстаноўлены дзякуючы іх дапамозе. Людзі бачылі, што за руль садзіцца нецвярозы, – і адразу тэлефанавалі ў міліцыю. Просім і надалей быць актыўнымі і нераўнадушнымі, тэлефанаваць па нумары 102 у падобных сітуацыях. Усё гэта дазволіць павысіць бяспеку дарослых і дзяцей на нашых дарогах.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.