Адгукнуцца рукі на покліч душы,

і тады жанчына без спецыяльнай адукацыі, без аніякага намёку на такую справу ў ранейшыя гады, раптам у адзін вечар садзіцца і робіць… ляльку. Незвычайную. Міма якой не пройдзеш…

Лялькі Ліліі Стацэнка з Целяхан – такія. Міма іх нельга прайсці, каб не прыпыніць свой крок, засяродзіць позірк, а той не засяроджваецца, бо нельга за момант ухапіць адразу ўсё. Кожная лялька – асобная работа.
І таму ў кожнай свой характар, канешне.
Гэта першая незвычайнасць лялек. Другая – яны вялікія. Трэцяя – гэта не звычайныя «мімімішныя» забаўкі. Лілія Стацэнка робіць персанажаў вядомых казачных герояў, герояў мультфільмаў.
Кот і Ліса, чарапаха, Аліса, Дурэмар – з «Залатога ключыка», Лімон і Памідор з «Чыпаліна», гномы, Дзікі Кабан, Сарока, Мыш, Мудры Пяскар…
Пра характары сказана было зусім не дарэмна. Калі Сіньёр Памідор – не мілы хлопчык у казцы, то і ў руках вы патрымаеце зусім не прастадушную фігуру.
Усё тут па праўдзе.
Што асабліва ўражвае – дэталі. Ім майстрыха надае асаблівую ўвагу. Калі гэта святочны сурдут на Жабе, дык тут будзе ўсё: і гузікі, і падкладка, і адвароты, і хлясцік. Карацей, усё, як сапраўднае, толькі зменшанае ў разы.
Асноўны матэрыял – звычайная тканіна, бязь. І тут даводзіцца здзіўляцца, як трымаецца форма. Сакрэт у клеі ПВА. А фарбы – самыя звычайныя і незвычайныя. Галоўнае, каб была стойкасць, каб яны захоўвалі сваю свежасць доўгія гады. Таму ў аснове – белая будаўнічая фарба, фарбавальнікі. А яшчэ – кава і цыкорыя. Таму ад лялек можна пачуць незвычайны прыемны водар.
Займацца лялькамі Лілія пачала толькі два гады таму. І тут вось што галоўнае для такой справы – яе горача падтрымаў муж. Ён у яе – рабочы ў дзіцячай школе мастацтваў Целяхан, і сама яна працуе кастэлянкай у дзіцячым садку, а вось абое пабачылі ў стварэнні лялек нешта важнае для сябе, карыснае для іншых.
– Ён сапраўды мой натхняльнік, – кажа пра мужа Лілія. – Ідэі новыя падказвае, не дае сумаваць, радуецца разам са мной новаму вырабу, які ўдаўся такім, як хацелі.
Два сыны ў сям’і таксама падтрымліваюць маці ў яе занятках. Уся работа па доме, прызнаецца Лілія, на плячах мужа і сына. А яна скарыстоўвае кожны вольны вечар. І гэтыя гадзіны карпатлівай работы пасля так бачны на кожным вырабе! Вось, да прыкладу, панцыр чарапахі Тарцілы. У яго аснове – пластыкавае нешта з посуду. А зверху – тканіна. І тыя самыя фрагменты панцыра зроблены з мноства кавалачкаў тканіны, якія наклейваліся слаямі адзін на адзін, фарбаваліся ў розныя колеры. І атрымалася неверагоднае: панцыр – ну рыхтык сапраўдны!
Канешне, такая лялька не можа каштаваць танна, згадзіцеся. Сёння па ўсім свеце ручная праца – хэнд-мэйд – цэніцца вельмі высока. Бо калі вы набываеце падобную ляльку, дык ведаеце: яна такая адзіная ва ўсім свеце, паўтарыць да кожнай дробязі яе немагчыма. І ва ўсім свеце зараз ручная работа набывае ўсё большую каштоўнасць. Бо гэта – такое ж майстэрства, як маляванне карцін, да прыкладу.
Пакуль жыццё ў творчасці мужа і жонкі Віктара і Ліліі Стацэнкаў толькі пачынаецца. Лілія зарэгістравана як рамесніца, яе пачалі запрашаць на розныя мерапрыемствы са сваімі вырабамі. Вялікім даходам ад рэалізацыі сваіх лялек пакуль пахваліцца не можа, але, мы верым, тое – пакуль. Трэба час, трэба тое, што завецца раскруткай, стварэннем свайго рынку, заваявання сваёй нішы ў прасторы інтэрнэту.
Але адно безумоўна: выстаўка-продаж такіх лялек упрыгожыць любое святочнае мерапрыемства. І вось пра што падумалася: колькасць вырабаў у Ліліі дастатковая для таго, каб зрабіць невялікую выстаўку ў нашым Івацэвіцкім раённым краязнаўчым музеі. Упэўнены – жадаючых пабачыць незвычайныя лялькі Ліліі Стацэнка будзе многа. Ды і здаецца, ужо ёсць чаму павучыцца ў гэтай таленавітай жанчыны. Бо да ўсяго яна даходзіла сама. І майстар-клас свой правесці можа.
Валерый ГАПЕЕЎ,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.