Помніць пра боль, каб берагчы мір…

28 ліпеня Івацэвіччыну наведала прадстаўнічая дэлегацыя на чале з прадстаўніком фонду Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Ігарам Краверскім. Першы прыпынак паездкі дэлегацыі па нашым раёне – помнік ахвярам вайны на паўночнай ўскраіне Івацэвічаў, ва ўрочышчы Жвіроўня.  Тут адбылася жалобная цырымонія.

 Адзін з кірункаў дзейнасці Саюза грамадскіх аб’яднанняў і абшчын у Беларусі – пошукі месцаў і дакументальных пацвярджэнняў масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі краіны, устаноўка помнікаў на гэтых месцах, абнаўленне ўжо існуючых. Спонсарамі гэтай работы выступаюць, у прыватнасці,  два створаныя сямейныя фонды у Англіі і ЗША сем’яў Лазарусаў і Клеттэр.

Халакост – адна з самых трагічных і бесчалавечных старонак мінулай вайны. Людзей – старых і малых, жанчын і мужчын – нацысты знішчалі ў крэматорыях, газавых камерах, расстрэльвалі толькі таму, што яны адносіліся да пэўнай нацыянальнасці. Грамадскасць нашага раёна, улады ніколі не былі ў баку ад тэмы Халакосту. Помнікі на месцах масавых расстрэлаў яўрэйскага насельніцтва ўстаноўлены ў нашым раёне на Целяханшчыне, Быценшчыне, Косаўшчыне. Напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя была зроблена рэкультывацыя месца расстрэлу мірных грамадзян Івацэвічаў у Жвіроўні, пасаджаны парк і ўстаноўлены невялікі помнік. І вось сёлета пры цесным узаемадзеянні раённых уладаў з Саюзам грамадскіх аб’яднанняў і яўрэйскіх абшчын Беларусі невялікі камень, які быў тут першапачаткова, заменены на вялікі помнік.

На жалобным мітынгу словы аб неабходнасці свята захоўваць у памяці ўсё, і самыя страшныя старонкі гісторыі ў тым ліку, казалі ініцыятар і каардынатар устаноўкі помнікаў у Беларусі Ігар Краверскі, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Велікаселец, прадстаўнікі сямейных фондаў-спонсараў і іншыя.

Адметна, што ў нас ужо колькі гадоў дзейнічае пошукавы атрад пад кіраўніцтвам Жанны Каспяровіч, які даследуе тэму Халакосту ў нашым раёне. Прыемна адзначыць, што адным з першых матэрыялаў аб расстрэле яўрэйскага насельніцтва на гэтым месцы быў артыкул з успамінамі сведкаў, якія адшукала некалішні валанцёр атрада, сённяшні карэспандэнт «ІВ» Наталля Гербедзь.

У Жвіроўні ў той страшны дзень было расстраляна Івацэвіцкае гета – каля 600 чалавек яўрэйскага насельніцтва. У гэтым жа месцы фашыстамі расстрэльваліся палонныя чырвонаармейцы,  падпольшчыкі, мірныя жыхары Івацэвічаў. Гэты помнік – ім усім…

Чытаецца кароткая, але вельмі важная памінальная малітва, кладуцца да помніка кветкі, вянкі і па традыцыі яўрэйскага народа – каменьчыкі да помніка. Гучыць велічная журботная музыка…

Пасля жалобнай цырымоніі дэлегацыя ў суправаджэнні намесніка старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандра Велікасельца наведала Косаўшчыну, дзе была ўшанавана памяць загінулых, пахаваных ва ўрочышчах Ялаваста і Марачоўшчына. Далей шлях дэлегацыі ляжаў на Быценшчыну да такога ж месца і помніка.

Мы, беларусы, ніколі не дзялілі сваіх людзей. У міры і згодзе жылі разам, разам і святы святкавалі, і тугу перажывалі праваслаўныя, яўрэі, каталікі ў Целяханах, Быцені, Косаве, Івацэвічах, Святой Волі. Мы не дзелім іх і цяпер, і памяць наша – пра кожнага загінулага, і помнік ім – адзін на ўсіх…

Валерый Гапееў, фота аўтара.