Праз гады вярнуўся з бою: з балота падняты часткі бамбардзіроўшчыка часоў вайны і цела стралка-радыста

Добраахвотнікі атрада «Авіяпошук-Брэст» паднялі з балота каля Выганашчаў  часткі збітага самалёта і цела стралка-радыста, якое цудоўна захавалася

Гэта проста здорава, што сярод нас жывуць энтузіясты, хто не лічыцца з уласным часам, сродкамі і здароўем, праводзяць па-сапраўднаму высакародную работу – пошукі загінуўшых без вестак лётчыкаў. «ІВ» ужо расказаў пра атрад «Авіяпошук-Брэст», які дастаткова часта працуе ў нашым раёне. І вось падзеі апошніх дзён: пошукаўцы атрымалі інфармацыю, што непадалёку ад Выганашчаў у балоцістай мясцовасці знаходзіцца месца падзення нашага бамбардзіроўшчыка, ён быў збіты ў першыя дні вайны. Цяжкая і карпатлівая работа энтузіястаў была недарэмнай…

На тым месцы пад Выганашчамі, дзе ўжо завяршаліся пошукавыя работы, аўтар публікацыі ў мінулую нядзелю, 28 ліпеня, пагутарыў з Уладзімірам Бухтай, кіраўніком атрада «Авіяпошук-Брэст».

– Як вы даведаліся пра тое, што менавіта ў гэтым недаступным балоцістым месцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўпаў самалёт?

– Істотную дапамогу ў гэтым пытанні нам аказаў мясцовы жыхар, актывіст Юрый Куратнік, які працуе ў ЛПГ «Выганаўскае». Ад мясцовых старажылаў ён даведаўся, што менавіта тут напачатку вайны упаў бамбардзіроўшчык Чырвонай Арміі. Юрый правёў адпаведную работу, якая пацвердзіла, што гэта не пустыя словы. Як вынік, у чацвер, 25 ліпеня, нашы рабяты, як і актывісты «Белмемарыяла» з Мінска, прыняліся за работу.

– Наколькі паспяховымі аказаліся пошукавыя работы?

– Надзвычай паспяховымі. Падняты асноўныя вузлы і фрагменты бамбардзіроўшчыка «СБ». Знойдзена цела загінуўшага стралка-радыста. У кішэні яго знойдзены камсамольскі білет на імя І. Т. Голікава – гэта вялікая ўдача. У той момант мы крычалі ад радасці так моцна, што пачулі нас, напэўна, у Целяханах.

Тут я павінен патлумачыць наступнае: удача ў тым, што не прыйдзецца доўга высвятляць асобу загінуўшага. Гэта вельмі цяжкі і балючы момант; у першыя дні вайны назіраліся пэўныя хаос і неразбярыха. А тут мы адразу атрымалі дакладны адказ. Хаця на самай справе найбольшая радасць для нас – нікога не знайсці ў самалёце. Гэта значыць, што экіпаж, магчыма, выратаваўся. У дадзеным выпадку задача, якая стаяла перад экіпажам бамбардзіроўшчыка, – спыніць механізаваныя калоны акупантаў, якія рухаліся на Усход. Наколькі нам зараз вядома, астатнія члены экіпажа дадзенага бамбардзіроўшчыка выратаваліся.

– Чым адметным вылучаецца менавіта сённяшняя ваша работа?

– Вельмі многім. Знойдзена шмат цікавых артэфактаў, зноў-такі – камсамольскі білет. З другога боку, гэта быў цяжкі пад’ем, прыходзілася апускацца на глыбіню да 4-х метраў. І гэта ў балотную твань, тут імгненна падступае вада. Але нас гэта не спыніла, у нашым атрадзе задзейнічаны мужныя і дужыя рабяты  Настрой цудоўны, удалося зрабіць максімальна магчымае, хаця спачатку самі не верылі, што справімся.

І яшчэ. Неверагодна, але цела загінуўшага стралка-радыста захавалася вельмі добра – у камбінезоне, унтах… Гэта надзвычай рэдкі выпадак, я не магу згадаць ніводнага падобнага! Як быццам ён толькі ўчора памёр, а не загінуў 78 гадоў назад! Тут тлумачэнне наступнае: тарфяныя балоты вядомыя сваім эфектам муміфіцыравання, таму арганічныя целы, патрапіўшыя ў балотную дрыгву, могуць захоўвацца стагоддзямі. Цела загінуўшага забралі ў морг Івацэвіцкай ЦРБ, але нам, канешне, хацелася б, каб пахаванне прайшло як мага хутчэй.

Таксама праваахоўныя органы забралі і камсамольскі білет І. Т. Голікава, нам хацелася б атрымаць гэты артэфакт, бо мы працуем сумесна з музеям «Мемарыял Брэсцкая крэпасць-герой» і хацелі б, каб гэты дакумент стаў экспанатам музея, калі не ўдасца знайсці радню і перадаць ім гэты дарагі дакумент.

Хачу адзначыць, што без дапамогі мясцовых энтузіястаў нам нічога не ўдалося б зрабіць. Добрыя словы спяшаюся сказаць у адрас усёй сям’і Куратнікаў, а таксама Уладзіміра Чуйко са Святой Волі, Сяргея Насенка з Целяхан, айца Віталія… Гэтыя людзі, як і члены нашага атрада «Авіяпошук-Брэст» працуюць бескарысліва, каб увекавечыць імёны тых, хто накіраваўся ў бой і не вярнуўся.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
На здымках: атрад «Авіяпошук-Брэст»; рацыя стралка-радыста: часткі самалёта; карта.