Плённая сустрэча і адкрытае кансультаванне

Доктар медыцынскіх навук, прафесар Гродзенскага медуніверсітэта, выдатнік аховы здароўя і Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Цыркуноў і сёлета правёў адкрытае кансультаванне землякоў і жыхароў іншых населеных пунктаў у Целяханах.

Плённая сустрэча адбылася 14 жніўня, а на наступны дзень,15 жніўня, Уладзімір Максімавіч прачытаў лекцыю аб прагрэсіўных падыходах у лячэнні інфекцыйных захворванняў і хранічных гепатытаў перад урачамі УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ».
Здзіўляе і вельмі радуе, што пры ўсёй загружанасці і шчыльным графіку дзелавых сустрэч прафесара, ён не забывае аб сваёй малой радзіме, імкнецца з гонарам паслужыць роднаму краю, бясплатна аказваючы кансультаванне людзям. У Целяханскім ЦКіВЧ 14 жніўня, нягледзячы на тое, што дождж ішоў бесперапынна цэлы дзень, сабралася больш за два дзясяткі чалавек. І гэтая сустрэча са знакамітым земляком з ганаровым званнем «Заслужаны дзеяч навукі» прайшла на вышыні: цікава, плённа і рэзультатыўна. Усім, а ў зале прысутнічалі і ўрачы Целяханскай бальніцы Вера Якуш і Вераніка Літоўчык, было цікава даведацца аб сусветных адкрыццях у медыцыне, аб прагрэ-сіўным руху навукі ў барацьбе з віруснымі і іншымі хваробамі печані, лячэнні захворванняў, перадаваемых кляшчамі, нейраінфекцыямі. Прыцягальнай была даступная форма падачы матэрыялу, казалі людзі, што хацелася прагна слухаць, не прапускаючы аніводнай дэталі.
А потым Уладзімір Максімавіч 10 чалавек персанальна пракансультаваў па тых ці іншых захворваннях. Не ўсе звароты былі па профілі прафесара, як інфекцыяніста і гепатолага, але карысныя парады атрымаў кожны. Як кажуць, «свежае вока» на заключэнне ўрачоў не толькі мясцовых, а і раённых, і абласных, у звязцы з высокім прафесіяналізмам Ула-дзіміра Максімавіча, жыццёвым аптымізмам як чалавека, дазвалялі хворым паглядзець на свае праблемы з новага боку, каб у будучым паспрабаваць новы кірунак у лячэнні. Бралі кансультацыю ва Уладзіміра Цыркунова і хворыя са складанымі выпадкамі захворванняў, але атрымлівалі дзейсныя парады, заспакаенне, і аптымістычны зарад і тыя, чые недамаганні – гэта і не хвароба, а вынік няўважлівых адносін да ладу жыцця, які патрабуе карэкцыі, у тым ліку з лішняй вагой.
На наступны дзень у актавай зале УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» было поўна ўрачоў. І лекцыя прафесара Цыркунова стала добрай нагодай павучыцца, пашырыць і ўзбагаціць свае веды ў медыцыне.
Валянціна БОБРЫК,
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.