Ні тавару, ні грошай

Без сусветнай павуціны, як яшчэ называюць інтэрнэт, многія з нас ужо не ўяўляюць сваё
жыццё. У сваю чаргу, рознага кшталту махляры і падманшчыкі не могуць не скарыстаць магчымасць «пагрэць рукі» на даверлівасці людзей, якія гадзіны напралёт бавяць час у інтэрнэце.

Так, жыхарка Івацэвіцкага раёна В. звярнула ўвагу на рэкламу адзення, мяккіх цацак, якія па «дастойнай цане» на пачатку бягучага года прапаноўвала на сацыяльных старонках Б., маладая жыхарка Беларусі (пражывае ў Мінскай вобласці). На самай справе ў гэтай раней судзімай жанчыны ніякага тавару не было: яна размяшчала здымкі прыгожых эфектных рэчаў, прапаноўвала набыць іх, але спачатку трэба было ўнесці перадаплату. Вось і наша зямлячка В. спакусілася і накіравала Б. 160 рублёў.
А ў адказ – цішыня.
…Сёння ўсплываюць новыя факты падману людзей грамадзянкай Б. – з усёй Беларусі ёй слалі перадаплату за тавар, якога ў наяўнасці не існавала. Амаль усе пацярпелыя – жанчыны. Адсюль мараль: не ўсё тое золата, што блі-шчыць. Толькі калі вы ўзялі тавар у рукі, то тады і аддавайце грошы. Бо, аддаўшы іх, пасля можаце не ўбачыць нічога – ні тавару, ні грошай.
Аляксандр ЖУРКО, старшы следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.