Тры ахвяры Вялікай Айчыннай знайшлі вечны спачын

18 верасня на вясковых могілках в. Сярадава адбылася ўрачыстая цырымонія перапахавання астанкаў трох ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. На жаль,  пошукавай ваеннай часці высветліць імёны трох загінулых непадалёку ад в. Зацішша не ўдалося. Нягледзячы на непагадзь і холад, на цырымонію прыйшлі жыхары вёскі Сярадава, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, працоўных калектываў, ліцэісты прафліцэя.

І той крывавы дзень – 18 верасня 1942 года, калі немцы акружылі вёску Зацішша, ажыў  у жудасных падрабязнасцях  у аповедзе краязнаўцы, пісьменніка і журналіста Святаслава Кажадуба, намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Велікасельца, які спыніўся на гістарычных фактах таго часу, на выніках пошукавай работы.

Мінута маўчання і заўпакойная ліція з вуснаў настаяцеля храма Узвіжання Крыжа Гасподняга в.Гошчава протаіерэя Аляксандра Аўсяніка з пеўчымі, кветкі і вянкі на свежай магіле сведчылі, што памяць аб загінулых нявінных ахвярах той вайны будзе жыць.

На сярадаўскіх могілках адбылася ў той дзень яшчэ адна падзея. Па краіне рэалізуецца міжнародны праект “У славу агульнай Перамогі”, прысвечаны75- й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У ходзе яго будзе праведзена закладка зямлі ў капсулы з месцаў воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва. Усе капсулы будуць дастаўлены ў Мінск і 9 мая 2020 года, у дзень 75-годдзя Перамогі, іх разам са спісамі імён загінулых закладуць у нішы храма-помніка ў гонар “Усіх Святых” у Мінску. Ад Івацэвіцкага раёна у храм адправяць памятную зямлю з воінскіх пахаванняў савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай. Права ўзяць зямлю з месца воінскага пахавання брацкай магілы на сярадаўскіх могілках было прадстаўлена старшыні Жытлінскага Сельвыканкама Пятру Свібовічу.

І яшчэ адна сустрэча адбылася на сярадаўскіх могілках у гэты дзень. Сёстры

Валянціна і Тамара Гойшыкі, якія пражываюць адна ў Мінску, а другая ў Сярадаве паведамілі, што цётка і дзядзька,  пра якіх расказваў Святаслаў Кажадуб – гэта іх дзед  і баба – Юрый і Марыя Гойшыкі. А хлопчык Рыгор Кот – гэта іх дваюрадны дзядзька. Жанчыны былі вельмі ўдзячны, што ўспомнілі пра іх сваякоў, якія загінулі ад рук фашыстаў. Вось так ажывае гісторыя.

Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.