Як сябры становяцца ворагамі

Пачатак гэтай крымінальнай гісторыі даволі банальны. Двое сяброў з Івацэвічаў: адзін з іх непрацуючы 20-гадовы М., а другі 17-гадовы навучэнец прафліцэя сельгасвытворчасці Н., вырашылі здзейсніць крадзеж з кладоўкі падвала шматпавярховага дома. На тое, што ўнутры памяшкання можа быць металалом, малодшы Н. звярнуў увагу старэйшага М., а той пагадзіўся, тым больш, метал сёння прымаюць за някепскія грошы.
Але ўсё пайшло не па плане. Па-першае, у кладоўцы на самай справе аказаліся зусім іншыя рэчы – старыя дзверы, мяхі са шпаклёўкай… Па-другое, праваахоўныя органы змаглі хутка раскрыць злачынства. М. і Н. трапілі на лаву падсудных, прызнаны вінаватымі: старэйшы панёс пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам на 1 месяц, у адносінах да малодшага прымянілі прымусовыя меры выхаваўчага ўздзеяння.
Гісторыя завяршылася, канешне, кепска для маладых людзей, але нельга сказаць, што безнадзейна. Кожны з іх атрымаў урок, мог зрабіць належны вывад, што жартаваць з Законам – сабе даражэй, што крадзяжы, іншыя злачынствы – прамы шлях на лаву падсудных… Але праз лічаныя месяцы абое зноў аказаліся… у зале суда Івацэвіцкага раёна. Адзін як абвінавачаны, другі – як пацярпелы.
Вось у чым справа. М. пасля таго як адбыў пакаранне, стаў даймаць Н., што за «панесеныя пакуты» яму трэба заплаціць. Маўляў, «…менавіта ты, Н., навёў на гэтую кладоўку, ты быў мякка пакараны, а я трапіў за краты! Няхай і на невялікі тэрмін. Дый працаўладкавацца з-за гэтага не магу цяпер». Карацей, каля 400-500 долараў каштуюць «жыццёвыя праблемы», звязаныя з папярэднім крадзяжом і пакараннем, таму Н. павінен зрабіць адпаведную «кампенсацыю». М. рэгулярна нагадваў пра «доўг» цераз сацыяльныя сеткі, а таксама па тэлефоне, пры асабістых сустрэчах, папярэджваў, што вывезе ў лес, прывяжа да дрэва…
І больш малады Н. (ён ужо стаў паўналетнім), пачаў рабіць унёскі – няхай сумы не самыя значныя, але ўсё-такі стаў выплачваць «запазычанасць». Пра гэтыя грашовыя адносіны сталі вядомы маці Н., якая абурылася фактам вымагання грошай і звярнулася ў праваахоўныя органы.
Як вынік, была ўзбуджана крымінальная справа.
Яшчэ адзін важны момант: санкцыя ч. 2 арт. 208 «Вымаганне» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае толькі пазбаўленне волі на тэрмін ад 3-х да 10 гадоў. Вымаганне адносіцца да катэгорыі цяжкіх злачынстваў! Гэта стала сапраўдным шокам для М., які лічыў, што «ўзгадненне» сяброўскіх адносін можна вырашыць без прыцягнення праваахоўных органаў, а тут адразу такое не жартоўнае пакаранне. Ён прызнаў сябе поўнасцю вінаватым, супрацоўнічаў са следствам, прасіў прабачэння, але тым не меней мінімальны тэрмін пакарання атрымаў – тры гады пазбаўлення волі.
Як бачыце, двое маладых людзей, якія яшчэ нядаўна былі ў сяброўскіх адносінах, у адзін момант сталі абвінавачаным і пацярпелым. М., які «гандляваў» сваімі пакутамі, магчыма не да канца ўсведамляў тое, на якую коўзкую сцежку ён ступае, калі пачынае дзейнічаць з пазіцыі сілы і непавагі да «слабейшага». Але няведанне Закона не вызваляе ад адказнасці…
Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ,
суддзя суда Івацэвіцкага раёна.