ансамбль лира

«Ліра» крочыць з песняй па жыцці

Чалавек не старэе, калі смяецца, спявае і танцуе. Так лічаць удзельнікі музычнага калектыву з Горталя

Увогуле, клуб аматараў песні «Ліра» Гортальскага СДК – малады калектыў, яму каля трох гадоў. Але пры гэтым вылучаецца сваімі асаблівасцямі. Хаця б тым, што палова складу музычнага калектыву – гэта мужчыны, якіх звычайна вельмі няпроста «выцягнуць» на сцэну (работнікі ўстаноў культуры не дадуць схлусіць). А вось кіраўнік «Ліры» Людміла Мялік сцвярджае, што да кожнага мужчыны можна знайсці ключык і калі дапамагчы яму знайсці шлях на сцэну, то пасля ён жыць не зможа без гэтай самай сцэны і без песні.

Удзельнікі музычнага калектыву «Ліра»: Андрэй Віктаровіч, Уладзімір Мялік, Мікалай Кармановіч, Сяргей Мялік (верхні рад); Людміла Мялік, Зоя Еўтуховіч, Зінаіда Мялік, Таццяна Кавалевіч (ніжні рад).

– Наш Андрэй Віктаровіч, самы малады ўдзельнік «Ліры», працаваў разам са мной у Целяханскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце. Наступае свята – Дзень жанчын. Кажам яму: «Андрэй, ад цябе таксама патрабуецца музычнае віншаванне». Як ён аднекваўся, адбіваўся «не магу, не хачу»… Пасля пага-
дзіўся выступіць у хоры. І калі ўсе пачалі слухаць выступленне, то сумеліся: у каго такі прыгожы, чысты голас-барытон? Аказваецца, у Андрэя! Такі самародак, а ніхто не ведае! Цяпер ён здзіўляе і радуе многіх нашых слухачоў…
З добрым гумарам і ўсмешкай Людміла Мялік расказвае пра тое, як яшчэ адзін удзельнік калектыву – Сяргей Мялік – таксама спачатку адмаўляўся ад удзелу, ад выступленняў. То кажа, што ад хвалявання перад канцэртам ціск падскочыў, то баіцца, што сэрца забаліць. Але выйшаў на сцэну адзін раз, другі – і зараз, здаецца, штодзень хадзіў бы на рэпетыцыі.
– Першыя выступленні – гэта, канешне, для кожнага нашага ўдзельніка складаны ўмоўны бар’ер, які важна пераадолець. Бо хваляванне накрывае, – працягвае Людміла Мялік. – Мы ж не прафесіяналы, працоўная дзейнасць кожнага звязана зусім з іншымі сферамі жыцця. Мае хлопцы і дзяўчаты кажуць, што на першых выступленнях мікрафон прыціскалі да падбародка, каб не бачна было, як рукі трасуцца ад хвалявання. Але так было спачатку, а зараз яны адчуваюць сябе свабодна і лёгка на сцэне. Кожнаму параю і скажу: сцэна чакае вас, магчыма, вы хаваеце вялікі талент, які варта раскрыць…
Калектыў «Ліры» зараз вядомы і любімы ў многіх слухачоў Целяханшчыны. У рэпертуары песні і эстрадныя, і народныя, ваенная і грамадзянская тэматыка. Нават з рэпертуару «Буранаўскіх бабуль» – карацей, усё тое, што можа зацікавіць слухача. Як кажа Людміла Мялік, публіцы цікавы самы шырокі музычны рэпертуар. У глыбінцы любяць песні лірычныя, душэўныя, хаця і павесяліцца ўмеюць і любяць:
– Калі адзначалася свята вуліцы Лясная ў Горталі, то адкрывалі мерапрыемства мае мужчыны з «Ліры» песняй са знакамітага фільма «Вясна на Зарэчнай вуліцы» – «Когда весна придет, не знаю…». Спачатку я хацела пусціць фанаграму, а пасля думаю – навошта. У мяне ж ёсць хлопцы з цудоўнымі галасамі! Дык яны так спелі, што мурашкі па скуры ў людзей. Мама Андрэя Віктаровіча кажа, што сама не ведала, што ў сына такі цудоўны голас, яна зараз ходзіць на ўсе канцэрты…
Касцяк «Ліры» – людзі працуючыя. Пасля работы не так і проста знайсці гадзіну-другую на рэпетыцыі-канцэрты, трэба падстройвацца пад жыццёвую сітуацыю кожнага. Але вось што прыемна здзіўляе: удзельнікі «Ліры» ніколі не спрачаюцца паміж сабой, не сварацца, з разуменнем адносяцца да розных абставін. Іх з’яднала і здружыла любоў да музыкі – магутная сіла!
Творчых поспехаў вам, «Ліра»! Упэўнены, жыхары Івацэвіцкага раёна яшчэ не раз адчуюць асалоду ад выступлення гэтага цудоўнага музычнага калектыву.
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).