пекарня ивацевичи

Сакрэты водару хлеба

Вось ужо 15 гадоў працуе фармоўшчыкам цэха хлебапячэння філіяла Івацэвіцкага спажывецкага таварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Дар’я Беньяшэвіч.

Сказаць, што яна сваю работу любіць, – значыць, не сказаць нічога, таму што Дар’я Сяргееўна з такім веданнем справы, з такім задавальненнем і цікавасцю можа расказваць пра сваю работу і адначасова фармаваць батоны, булачкі, раскладваць у іх начынне, што міжволі пранікаешся асаблівай павагай да таго, чым яна займаецца. Да таго ж, ніколі не скажаш, што гэтая ўсмешлівая і прыгожая маладая жанчына – шматдзетная мама.
– Не думаю, што гэта будзе нясціпла, але мне таксама падабаецца івацэвіцкі хлеб, які мы пячом. Гэта самы смачны хлеб. І ўсім маім родным, знаёмым і незнаёмым нашы хлебабулачныя вырабы падабаюцца. У якія толькі гарады і вёскі не вязуць наш хлеб, а ўсюды можна пачуць толькі добрыя водгукі, – кажа Дар’я Сяргееўна.
У цэх на работу яна прыйшла пасля заканчэння тэхналагічнага каледжа Белкаапсаюза па спецыяльнасці «Тэхналогія харчовых вытворчасцей».
У яе напружаны фронт работ. «Калі цеста кандыцыйнае, то і працаваць з ім прыемна», – кажа яна. У некаторай ступені яна не толькі фармоўшчык, а і пекар. Бо ад яе залежыць і дакладная вага выпечкі, і тое, наколькі роўнымі, гладкімі выйдуць з печы «кірпічыкі» і подавы хлеб, батоны, наколькі прыгожымі і апетытнымі атрымаюцца булачкі. Некаторы час пасля фармоўкі цеста расстойваецца і толькі пасля падаецца ў печ. Дар’я Сяргееўна падкрэслівае, што цеста патрабуе, каб уся рэцэптура, складзеная тэхнолагамі, строга вытрымлівалася, каб усе дабаўкі закладваліся па норме. І, вядома, цеста любіць добры замес, а таксама і добры настрой чалавека, які працуе з ім. За гады работы на прадпрыемстве Дар’я Сяргееўна папоўніла багаж ведаў вялікім вопытам, якім цяпер дзеліцца з маладым пакаленнем. Жанчына расказвала, што ў цэху працуе многа працалюбівых жанчын. Усе яны працуюць у адной звязцы, дапамагаючы адна адной, і разам клапоцяцца, каб выпечка атрымлівалася зарумяненай.

Валянціна Бобрык.