Сем каманд «Івацэвічдрэў» сапернічалі на футбольным полі

У Івацэвічах прайшоў чэмпіянат па міні-футболе сярод структурных падраздзяленняў ААТ «Івацэвічдрэў». Лёс пераходнага кубка, галоўнага трафея спаборніцтваў, вырашаўся пяць дзён. Удзельнікаў турніра сёлета было, як ніколі, шмат: ажно сем футбольных каманд спрачаліся за званне лепшай на прадпрыемстве.

І спрачаліся заўзята, таму гульні атрымаліся цікавымі, відовішчнымі і хвалюючымі. Яны праходзілі па вечарах на стадыёне «Кляноўка-арэна» ў перыяд з 15 да 22 кастрычніка. Падтрымлівалі, падбадзёрвалі футбалістаў балельшчыкі – іх калегі, сябры, сваякі.

У выніку напружанай барацьбы перамагла ў чэмпіянаце каманда пад назвай «Зборная 2». Ігракі, якія ўвайшлі ў яе склад, – супрацоўнікі лесапункту, рамонтна-энергетычнага ўчастка і апарата кіравання ААТ «Івацэвічдрэў». Другое месца заняла каманда, якая прадстаўляла цэх па ламініраванні ДСП і насычэнні, «бронза» – у каманды цэха па вытворчасці ДСП.

Годнымі сапернікамі для калег былі каманды драўняна-падрыхтоўчага цэха, участка па адгрузцы прадукцыі, склада сыравіны, а таксама каманда пад назвай «Зборная 1», у якую ўвайшлі супрацоўнікі цэха мэблевых дэталей, транспартнага цэха і апарата кіравання. За актыўны ўдзел у спартыўным жыцці прадпрыемства ўсе каманды атрымалі грашовыя сертыфікаты ад прафсаюзнай арганізацыяй ААТ «Івацэвічдрэў». Ігракі каманд, якія ўвайшлі ў тройку, атрымалі медалі, а чэмпіёны – медалі і кубак, а разам з ім і права прадстаўляць «Івацэвічдрэў» на аналагічных спаборніцтвах раённага маштабу.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.