Великая гать ферма

Першае месца ў вобласці – другі раз у МТК “Вялікая Гаць”

19 лістапада на малочнатаварным комплексе “Вялікая Гаць” калектыў фермы, спецыялісты і кіраўніцтва гаспадаркі сустракалі шматлікіх гасцей, каб прыняць віншаванні з чарговай перамогай.

Па выніках абласнога спаборніцтва сярод ферм і комплексаў за дасягненне высокіх паказчыкаў ў вытворчасці малака за трэці квартал першае месца заняў калектыў МТК “Вялікая Гаць” ААТ “Святая Воля” у самай прэстыжнай намінацыі – сярод ферм і комплексаў з надоем болей 7,5 тысячы кілаграмаў. Першынства праводзяць Брэсцкі аблвыканкам, абкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, абласны аграпрамсаюз разам з “Сельскай газетай”.

Узнагароды калектыву, якім кіруе загадчыца Святлана Матрохіна, заслужаныя. За мінулы год рэзультат па МТК “Вялікая гаць” склаў 7753 кілаграмы малака на кожную карову, прыбаўка 188 кілаграмаў ў адпаведнасці з папярэднім перыядам. На перапрацоўку яго адпраўлялі толькі “экстрай”, таварнасць перавысіла 92 працэнты.

Сяргей Буткевіч уручыў Дыплом пераможцы загадчыцы МТК “Вялікая Гаць” Святлане Матрохінай і падзякаваў калектыў за плённую працу. У гэты дзень грамату Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама атрымаў з яго рук галоўны заатэхнік Генадзь Сіткевіч.

Старшыня Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Юхімук уручыў ад абкама прафсаюза калектыву МТК сертыфікат на 500 рублёў і сертыфікат на 500 рублёў ад абласнога аграпрамсаюза.

Граматай Брэсцкага абкама прафсаюза работнікаў АПК быў узнагароджаны ў гэты дзень Аляксей Матрохін, аператар па штучным асемяненні, і Пісьмом Падзякі – слесар Аляксандр Камяк, яны ўзнагароджаны і грашовымі прэміямі.

Мікалай Палто, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК павіншаваў калектыў з перамогай і ўручыў каштоўныя падарункі. Ад “Сельскай газеты” падарунак – падпіска на першы квартал будучага года на МТК і артыкул у газеце аб гэтай падзеі.

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.