Грыгорый Кот служыць узорна!

Міністр абароны ўшаноўваў лепшых ваеннаслужачых тэрміновай службы і іх маці

15 лістапада ў Цэнтральным Доме афіцэраў адбылося ўшанаванне вайскоўцаў тэрміновай службы, якія дабіліся лепшых вынікаў у баявой падрыхтоўцы ў 2018-2019 навучальным годзе.

Міністр абароны генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў уручыў гадзіннікі з гравіроўкай 60-ці лепшым вайскоўцам з розных вайсковых часцей і злучэнняў Узброеных Сіл. Ганаровымі гасцямі цырымоніі ў той дзень сталі і мамы вайскоўцаў, якія прыбылі ў сталіцу з розных куткоў нашай краіны. Такое запрашэнне не выпадковае, бо ў першую чаргу менавіта мама закладвае ў свайго сына тыя якасці, якія цэняцца ў сучасным грамадстве. Генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў выказаў падзяку жанчынам за выхаванне сапраўдных патрыётаў, якія годна служаць, і ўручыў ім кветкі і падзячныя лісты. Сярод тых, хто ў той дзень прымаў віншаванні ад міністра абароны, быў і наш зямляк Грыгорый Кот з мамай Аксанай Пятроўнай.

Зараз Грыгорый Кот служыць у  11 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе Заходняга аператыўнага камандавання ў Слоніме на пасадзе аператара-разведчыка першага разведвальнага ўзвода разведвальнага батальёна 11 асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання. За адказнае стаўленне да службы, поспехі ў баявой вучобе і працавітасць камандаваннем часткі Грыгорый Кот і быў вылучаны для ўдзелу ў такім урачыстым мерапрыемстве. Віншуем!

Ганна Ільяшэвіч, фота ваенна-інфармацыйнага агенцтва «Ваяр».