Калі мужчына схільны да самалюбавання…

30-гадовы жыхар Івацэвічаў Р. сфатаграфаваў сябе ў аголеным выглядзе – і размясціў фотаздымак на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы. Старонка знаходзілася ў закрытым доступе, і Р. спадзяваўся, што гэты інтымны здымак не трапіць на вочы незнаёмым людзям.

Але здарылася нечаканае: невядомы “хакер” узламаў старонку Р., убачыў фота і пачаў праводзіць шантаж нашага земляка. Маўляў, з цябе 1 000 долараў – і здымка не стане. У рэшце рэшт, “дагандляваліся” да 300 рублёў, але Р. на гэтым спыніў перамовы і звярнуўся ў праваахоўныя органы. Была ўзбуджана крымінальная справа па арт. 208 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Вымагальніцтва”. Праваахоўнікі Івацэвіцкага раёна хутка выйшлі на след злачынцы: вымагальнікам аказаўся непаўнагадовы з суседняга Іванаўскага раёна…

Гэта не першае злачынства падобнага кшталту, якое зафіксавана ў нашым раёне. Хочацца папрасіць мужчын: калі вы маеце нейкія фізічныя асаблівасці, якімі можна ганарыцца, то дэманструйце іх, калі ласка, ва ўласнай спальні перад жонкай. Бо калі здымкі сябе аголенага размяшчаць ў сусветнай павуціне, то не здзіўляйцеся пасля, што яны стануць прадметам агульнага і часам крымінальнага інтарэсу і могуць выклікаць канкрэтны інтарэс ў праваахоўных органаў.

Аляксандр КІКУН, начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Івацэвіцкага РАУС.