Больш за 12 000 рублёў павінны заплаціць дзяржаве шэсць грамадзян з нашага раёна, хто не адпрацаваў устаноўлены тэрмін

Больш за 12 000 рублёў павінны заплаціць дзяржаве шэсць грамадзян з нашага раёна, хто не адпрацаваў устаноўлены тэрмін.

На працягу 2019 года пракуратурай Івацэвіцкага раёна прад’яўлены шэсць іскавых заяў аб спагнанні на карысць дзяржавы сродкаў, якія затрачаны на навучанне маладых людзей. Звычайна гэтая праблема тычыцца тых хлопцаў і дзяўчат, хто прайшоў навучанне ў Івацэвіцкім прафесійным ліцэі сельгасвытворчасці, а вось адпрацаваць устаноўлены тэрмін у іх чамусьці не атрымліваецца.

Так, у другой палове адыходзячага года пракуратура Івацэвіцкага раёна накіравала ў суд іскавую заяву аб спагнанні з маладога мужчыны Л. на карысць дзяржавы 835 рублёў, якія былі затрачаны на яго навучанне.

Вось што ўстаноўлена. Л. праходзіў навучанне ў Івацэвіцкім прафліцэі сельгасвытворчасці на дзённай бюджэтнай форме навучання па прафесіі «трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці катэгорыі «А»; вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С» на базе агульнай сярэдняй адукацыі, тэрмін навучання – 1 год 6 месяцаў.

Пасля заканчэння поўнага курса навучання летам 2018 года Л. быў накіраваны на работу ў ААТ «Перамога» нашага раёна, з 8 жніўня ў «Перамозе» ён працаваў трактарыстам-машыністам. Адпрацаваць яму прадстаяла год. Але 7 снежня Л. быў звольнены за прагул, пры гэтым у прафліцэй для пераразмеркавання ў другую гаспадарку пасля звальнення ён не звяртаўся.

А калі б звярнуўся, то яго б пераразмеркавалі б у другое сельгаспрадпрыемства.

Важна памятаць, што ў адпаведнасці з ч.1 арт.88 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь выпускнікі, якія не адпрацавалі па месцы работы, якое ім прадстаўлена шляхам размеркавання, абавязаны кампенсаваць у рэспубліканскі ці мясцовыя бюджэты сродкі, якія затрачаны на іх навучанне. Згодна з праведзеным разлікам сума сродкаў, затрачаных на навучанне Л. за не адпрацаваных 6 месяцаў, склала 835 рублёў, якія ён абавязаны пагасіць.

На працягу 2019 года пракуратурай Івацэвіцкага раёна было прад’яўлены шэсць падобных іскаў на суму больш за 12 000 рублёў. Вышэйзгаданы Л. хаця б адпрацаваў каля паўгода ў сельгаспрадпрыемстве, але ж ёсць і такія, хто адразу «кідаецца наўцёкі» – і пагасіць ім прыходзіцца суму ў межах каля 2-2,5 тыс. рублёў.

Дадам, што за 2019 год пракуратурай Івацэвіцкага раёна ў раённыя суды ў парадку грамадзянскай судавытворчасці прад’яўлена 38 іскавых заяў у інтарэсаў дзяржавы і грамадзян на агульную суму больш за 59 000 рублёў. Два з іх два знаходзяцца на разглядзе ў судзе першай інстанцыі, вытворчасць па адным спынена ў сувязі з добраахвотнай выплатай запазычанасці, астатнія судом прызнаныя абгрунтаванымі і задаволены. Рашэнні ўступілі ў законную сілу.

Яна ДРОБЫШ, памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна.