Зварот Лукашэнкі да Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў

Лукашэнка: у Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган

У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган, адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў.

“Сёння важны і ў той жа час урачысты дзень у палітычным жыцці нашай краіны. Мы вітаем у Палацы Незалежнасці дэпутатаў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання. Гэта наш Палац Незалежнасці і толькі потым – рабочая рэзідэнцыя Прэзідэнта. Сёння мы падводзім вынікі і дзякуем за работу мінуламу складу дэпутацкага корпуса”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён сказаў, што, мяркуючы па публікацыях у СМІ і меркаваннях некаторых дэпутатаў, нехта чакае ад Аляксандра Лукашэнкі заяў. У сувязі з гэтым ён заявіў: “Гэта не форма для глабальных заяў. Вы ведаеце, што ёсць такая форма работы, як Пасланне Прэзідэнта народу і парламенту, дзе робяцца нейкія істотныя заявы”.

Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, традыцыя такіх сустрэч з дэпутатамі пакуль не ўкаранілася і толькі ўстанаўліваецца. На сустрэчы размова пойдзе аб некаторых ацэнках і важных пытаннях. “Мы пагаворым аб надзённых пытаннях нашай дзяржавы. Тут – эліта нашага грамадства. Вас выбралі людзі, у вас за спінай выбаршчыкі. Даказвайце людзям справай, што вы дастойныя гэтага высокага звання”, – заявіў Прэзідэнт.

Ён лічыць сімвалічным, што праведзеныя парламенцкія выбары супалі са знакавым для краіны годам. “У 2019-м мы адзначалі 25-годдзе Канстытуцыі – дакумента, які адыгрывае найважнейшую ролю ва ўмацаванні беларускай дзяржаўнасці”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“З прыняццем Асноўнага закона мы юрыдычна замацавалі шматвяковыя традыцыі беларусаў, якія заўсёды імкнуліся да справядлівасці, незалежнасці і мірнай стваральнай працы на сваёй зямлі, удзельнічалі амаль ва ўсіх вядомых у гісторыі відах і формах народнага прадстаўніцтва. Вытокі беларускага парламентарызму бяруць свой пачатак у Полацкім вечы, сеймах Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Дзяржаўнай думе Расійскай імперыі, дзейнасці ўсебеларускіх з’ездаў Саветаў і скліканняў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР”, – прадоўжыў Прэзідэнт.

Фарміраванне сучаснага парламента праходзіла ў даволі няпросты перыяд: “Першыя гады перабудовы, развал Савецкага Саюза балюча ўдарылі па ўсіх сферах жыццядзейнасці краіны. Бадай, самым цяжкім выпрабаваннем стала несправядлівасць, з якой сутыкнуўся народ у эпоху перамен. Людзям, якія ўсё жыццё сумленна працавалі, не было на што жыць і не было чаго пакінуць сваім дзецям. Па факту краіна стаяла на краі бездані”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтых умовах на плечы беларускага народа лёг груз адказнасці за вырашэнне найскладанейшых задач: аказаўшыся без залатога запасу, нафты і газу, неабходна было стварыць новую эканамічную мадэль. “Нафта і газ былі рэсурсамі ўсёй вялікай краіны. І Беларусь у савецкі перыяд часу ўклала нямала, каб прабурыць там, у Сібіры, свідравіны, здабыць нафту, газ”, – сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што ў савецкі час здабываемую ў Беларусі нафту экспартавалі. Цяпер адсутнасць нафты з’яўляецца вялікай праблемай для краіны.

Прэзідэнт адзначыў, што тады трэба было захаваць агульнанародную ўласнасць, неабходна было замацаваць сацыяльную накіраванасць унутранай палітыкі дзяржавы, устанавіць прававы парадак і спыніць экстрэмізм і бандытызм. У гэтым умовах трэба было будаваць краіну, наводзіць парадак, і парадак быў наведзены.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што таксама трэба было выбудаваць новыя дыпламатычныя ўзаемаадносіны, разлічваць не было на каго. Беларусь хутка прызналі замежныя дзяржавы. Трэба было таксама вызначыцца з новай дзяржаўнай сімволікай, якая аб’ядноўвае грамадства. “Трэба было спыніць распальванне нацыянальнай варожасці і вырашыць важнае для людзей моўнае пытанне і шмат іншых праблем. Іншымі словамі – пабудаваць моцную, жыццяздольную дзяржаву”, – рэзюмаваў ён.

“Для стварэння новай, сапраўды дэмакратычнай палітычнай мадэлі абставіны патрабавалі прыняцця хуткіх, бескампрамісных рашэнняў і прававога замацавання адпаведных паўнамоцтваў, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – І толькі дзякуючы сваёй мудрасці і гатоўнасці ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны беларусы прынялі гэтыя найважнейшыя рашэнні на ўсенародных рэферэндумах. Прагаласавалі за цвёрдую ўладу, стабільнасць і законнасць. У краіне быў сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што стварэнне двухпалатнага парламента – Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – забяспечыла паслядоўнае і эфектыўнае правядзенне намечаных сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў.

“Завяршаючы гэта гістарычнае адступленне, скажу галоўнае. Вядома, з гадамі негатыў забываецца. З пункту гледжання праблем, з якімі сутыкнулася краіна ў 1990-я, сёння многім беларусам, напэўна, нават у думках не хочацца вяртацца ў той час. І гэта нармальна. Правільней трымацца за лепшыя моманты, а адмоўны вопыт успрымаць з удзячнасцю, – лічыць Прэзідэнт. – Для мяне як кіраўніка дзяржавы самым светлым успамінам тых гадоў назаўсёды застанецца падтрымка нашага народа”.

Што Лукашэнка запісаў у актыў беларускага парламента за гады незалежнасці краіны

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі пералічыў асноўныя вынікі работы парламента за гады незалежнасці краіны.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожнае новае скліканне народнага прадстаўніцтва характарызавалася паслядоўным і адказным рухам па шляху прагрэсіўных пераўтварэнняў. “Дзякуючы Нацыянальнаму сходу ў нашай дзяржаве практычна з нуля створана ўся сістэма заканадаўства, а гэта значна складаней, чым пабудаваць завод. Для вырашэння новых стратэгічных задач, якія стаяць перад краінай, дэпутаты не проста карэкціравалі ўстарэлыя правілы і нормы савецкага часу, але ў цэлым запаўнялі прававы вакуум”, – канстатаваў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, пры ўдзеле парламента былі закладзены дэмакратычныя асновы беларускай дзяржаўнасці і грамадзянскай супольнасці ў законах, якія рэгулююць дзейнасць асноўных палітычных інстытутаў краіны.

Парламентарыі зацвердзілі праграмныя дакументы: Асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і Ваенную дактрыну.

“Новыя кодэксы, якія прымаюцца ў Авальнай зале парламента, развівалі асноўныя канстытуцыйныя правы грамадзян. Быў прыняты шэраг важных законаў, нацэленых на вырашэнне пытанняў пераводу эканомікі на сучасныя (іх называюць рыначнымі) механізмы. У сферы пастаяннай увагі парламентарыяў знаходзілася сацыяльная накіраванасць рэспубліканскага бюджэту і штогадовых законаў аб яго выкананні”, – адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важную ролю ў павышэнні якасці жыцця грамадзян, якую адыграла прыняцце законаў, накіраваных на ўвядзенне мінімальных сацыяльных стандартаў, вырашэнне дэмаграфічных і экалагічных праблем, пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

“Прыняты дэпутацкім корпусам закон аб міжнародных дагаворах не толькі забяспечыў пашырэнне нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, але і стварыў умовы для абароны правоў беларускіх грамадзян за межамі краіны”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

За час сваёй дзейнасці беларускі парламент прыняў больш за 2 тыс. законаў, з якіх амаль 300 – вынік працы дэпутацкага корпуса, які завяршае сваю работу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў многім дзякуючы дзейнасці дэпутатаў і сенатараў беларускі парламент стаў вядомым і мае аўтарытэт.

“Мінск упершыню стаў важнай пляцоўкай для правядзення мерапрыемстваў міжнароднага ўзроўню, у ліку якіх сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Парламенцкай асамблеі Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы, пасяджэнне Бюро Канферэнцыі рэгіянальных і мясцовых органаў улады “Усходняга партнёрства”, – пералічыў ён. – Папулярызацыі Мінска як аўтарытэтнай міжнароднай пляцоўкі садзейнічала і правядзенне ў беларускай сталіцы вясной 2019 года міжнароднай канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ”.

Міжнародна-дагаворная база беларускага парламента папоўнілася новымі дакументамі аб двухбаковым супрацоўніцтве з парламентамі 16 замежных дзяржаў. “Вялікую ролю парламентарыі адыгралі ў фарміраванні прававой базы Еўразійскага эканамічнага саюза, сканцэнтраваўшы намаганні на абароне айчынных вытворцаў і пашырэнні нацыянальных інтарэсаў на рынках нашых суседзяў”, – прадоўжыў Прэзідэнт.

Пазітыўна былі ўспрыняты прадпрымальнікамі і бізнес-супольнасцю рашэнні па разняволенні дзелавой ініцыятывы і змякчэнне адказнасці за правапарушэнні ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці. Шырокі грамадскі рэзананс атрымала правядзенне парламенцкіх слуханняў на тэму “Прававыя і практычныя аспекты паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Рэспубліцы Беларусь”.

Асаблівай увагі, на думку Аляксандра Лукашэнкі, заслугоўвае работа парламента шостага склікання з моладдзю. Падрыхтаваны праект палажэння аб Маладзёжным савеце пры Нацыянальным сходзе, створана Маладзёжная палата пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Сфарміраваны маладзёжныя парламенты пры абласных Саветах дэпутатаў.

“Усе дасягненні і высокія вынікі дзейнасці дэпутацкага корпуса сталі магчымы перш за ўсё дзякуючы адсутнасці палітычных рознагалоссяў і настроенасці парламентарыяў на канструктыўнае супрацоўніцтва з іншымі галінамі ўлады, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Нацыянальны сход заўсёды выбудоўваў сваю работу такім чынам, што прымаемыя законапраекты сапраўды адпавядалі інтарэсам грамадства і дзяржавы. Упэўнены, нававыбраныя дэпутаты захаваюць пераемнасць плённай і актуальнай заканатворчасці”.

Лукашэнка ахарактарызаваў новы склад парламента і праведзеныя выбары

Парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе, пры вялікай колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Чарговыя парламенцкія выбары прайшлі ў адкрытай канкурэнтнай барацьбе. Прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат было нават больш, чым у папярэднюю кампанію”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён асабліва падзякаваў за работу ўсім членам участковых выбарчых камісій. “Гэта больш як 60 тыс. чалавек – беларусаў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія бескарысліва і сумленна выканалі сваю работу пад пільнай увагай шматлікіх міжнародных наглядальнікаў. Іх была рэкордная колькасць. Мы не адмовілі нікому. Прынялі ўсіх жадаючых”, – адзначыў беларускі лідар.

“Зроблены беларусамі выбар чарговы раз паказаў стабільнасць нашага грамадства, яго прыхільнасць да традыцыйных каштоўнасцей і імкненне да мірнай стваральнай працы”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён павіншаваў нававыбраных парламентарыяў з паспяховай здачай аднаго з самых адказных экзаменаў у іх жыцці і адзначыў характэрныя рысы новага складу парламента. У яго ўвайшлі вопытныя кіраўнікі і тыя, хто ведае жыццё і вытворчасць знутры: работнікі аграпрамысловага комплексу і прамысловасці, таленавітыя выкладчыкі, урачы, юрысты, суддзі, сілавікі, яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, моладзі і СМІ. “Заахвочваючы імкненне маладых грамадзян удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, мы сёння ўмацоўваем будучыню нашай суверэннай дзяржавы”, – перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на прыкметную прысутнасць жанчын у складзе новага парламента. “Гэта нядзіўна: жанчыны ў нас актыўныя, а галоўнае, самыя адказныя. Яны гатовы займацца палітыкай, нягледзячы на груз штодзённых клопатаў аб доме, сям’і, дзецях, іх здароўі, адукацыі і выхаванні. Адпаведна, яны бліжэй за ўсіх да разумення самых актуальных сацыяльных пытанняў, з якімі трэба будзе працаваць у бліжэйшы час”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

“У цэлым у выбраным парламенце прадстаўлены і адлюстраваны інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва. Перакананы: гэта дасць магчымасць паспяхова вырашаць усе пастаўленыя перад вамі задачы і апраўдае чаканні нашых выбаршчыкаў”, – рэзюмаваў Прэзідэнт.

 

Лукашэнка: залог паспяховага развіцця краіны – палітычная стабільнасць і зладжаная работа ўлады

“Сёння ўсе разумеюць, што залог паспяховага развіцця краіны – гэта перш за ўсё палітычная стабільнасць і зладжаная работа ўсіх галін улады: парламента, урада і судоў. Дзе яе няма, там няма ні міру, ні згоды, ні эканомікі, ні дабрабыту”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што новы парламент павінен стаць цэнтрам прагрэсіўнай заканатворчасці.

А для рэалізацыі гэтай мэты неабходна кіравацца двума правіламі. “Першае – прынятыя папраўкі і законы перш за ўсё павінны адлюстроўваць рэальныя патрэбнасці нашых грамадзян. Не трэба лятаць у космасе, трэба глядзець на жыццё і рабіць усё, каб яно была лепшым. А для гэтага трэба ісці не па паняццях, а праз законы. Другое – наступствы любых змяненняў у заканадаўстве павінны быць прааналізаваны і падлічаны на некалькі гадоў наперад, каб людзі разумелі, куды мы ідзём і чаго хочам”, – растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт дадаў, што ў бліжэйшы час дэпутатам і сенатарам трэба будзе разам вырашаць важнейшыя і актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, а значыць, з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі.

Лукашэнка: у аснове палітычнага курсу краіны – суверэнітэт і справядлівае стаўленне да людзей

Звяртаючыся да дэпутатаў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: “Беларусы аказалі вам высокі давер, надзяліўшы правам прадстаўляць іх інтарэсы, прымаць законы. Даверылі ўмацаванне суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы. У вас наперадзе адказная і карпатлівая работа. Так склалася, што яе асноўная частка, як правіла, не бачна і часта застаецца недаацэненай. Цяперашняе скліканне Палаты прадстаўнікоў павінна змяніць гэту сітуацыю”.

“Парламент – гэта пляцоўка для прафесійнай, аргументаванай дыскусіі. Усе мы цудоўна разумеем, што бачанне адных і тых жа праблем рознымі людзьмі можа істотна адрознівацца. І ваша задача – у мностве меркаванняў знайсці найбольш правільнае і ўзважанае рашэнне”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, традыцыя культурнага і цывілізаванага абмеркавання павінна захавацца, пры гэтым павінны быць і эмоцыі. “Эмоцыі ўласцівы беларускаму нацыянальнаму характару. Мудрае, спакойнае і ўдумлівае стаўленне да прымаемых рашэнняў, лішні напал не патрэбны, – перакананы Прэзідэнт. – Скажу шчыра: усіх нас чакае складаная і адказная работа. Але для яе рэзультатыўнасці ў нас ёсць усе ўмовы. І асноўная з іх – адзінства народа і палітычная воля кіраўніцтва краіны для руху наперад”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што “мэта – захаванне нашых нацыянальных каштоўнасцей, якія пакладзены ў аснову палітычнага курсу краіны: людзі, справядлівае да іх стаўленне і суверэнітэт Беларусі”.

Лукашэнка: новаму складу парламента трэба будзе далучыцца да работы па ўдасканаленні Канстытуцыі

“Парламентарыям сёмага склікання трэба будзе падключыцца да работы над праектамі, якія знаходзяцца ў плоскасці глабальных палітычных рашэнняў. У нас ужо назбіраўся шэраг пытанняў, якія трэба разам вырашаць на ўзроўні Асноўнага закона. Таму, відаць, нам з вамі, новым складам парламента, трэба будзе арганізаваць і далучыцца да работы па ўдасканаленні нашай Канстытуцыі”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на гэта ёсць запатрабаванне ў грамадстве. “Мы павінны ўсё растлумачыць людзям і прапанаваць ім свае варыянты. Гэта якраз той выпадак, калі можна праявіць сябе і прыняць удзел у лёсавызначальным для дзяржавы праекце. Думаю, нававыбраныя парламентарыі разумеюць, які ім выпаў унікальны шанц”, – заўважыў ён.

“І вы ведаеце маё прынцыповае патрабаванне: мэтай мяркуемых змяненняў павінна быць удасканаленне сістэмы кіравання. Прагрэсіўны сусветны вопыт мы праламляем праз нашы нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі, уклад нашага грамадства. Усе змяненні вы павінны разглядаць выключна з дзяржаўнай пазіцыі, у інтарэсах людзей, якія жывуць на гэтай зямлі”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што ўсе прапановы будуць мець толькі персанальны характар. “Ніхто не можа схавацца за калектыўнае меркаванне, у тым ліку парламент, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Персанальная адказнасць – гэта найвялікшае дабро і рухавік любога прагрэсу”.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што простых рашэнняў ні ў палітычнай, ні ў эканамічнай, сацыяльнай сферы не будзе. “Да таго ж усе яны шмат у чым залежаць ад узроўню дыпламатычных узаемаадносін з нашымі стратэгічнымі партнёрамі і сусветнымі лідарамі, ад колькасці і якасці дзелавых кантактаў па ўсім свеце”, – канстатаваў Прэзідэнт.

Лукашэнка парламентарыям: спрабуйце даказаць сваім выбаршчыкам, што ў вас вельмі цяжкая праца

“Пачынайце працаваць у інтарэсах сваіх выбаршчыкаў. Спрабуйце даказаць выбаршчыкам, што ў вас вельмі цяжкая праца. Вельмі цяжкая. Я вам шчыра скажу, маючы амаль пяцігадовы вопыт работы ў парламенце, часам марудная праца – сядзець, выдумляць, прыдумляць, увасабляць у форму законаў тое, што патрабуюць людзі”, – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выбраныя парламентарыі з’яўляюцца прадстаўнікамі адной з галін улады – заканадаўчай.

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на неабходнасці чуць людзей, якія за іх прагаласавалі, і ісці ў выканаўчыя органы, каб гэтыя пытанні вырашаць.

Аляксандр Лукашэнка чарговы раз адзначыў, што выбарчая кампанія па выбарах у парламент праходзіла пад яго кантролем. “Я, як адказны па Канстытуцыі за дзейнасць галін улады, павінен быў узначаліць работу па фарміраванні нашага парламента. Гэта зразумела, гэта мой абавязак. І, зразумела, я перажываў і непакоіўся, каб наш парламент быў працаздольным, каб я ніколі больш не перажываў таго, што было ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі я прыходзіў у парламент і перада мной і пад трыбунамі валяліся дэпутаты. Менавіта валяліся, не сядзелі. Такі быў, бачыце, пратэст. Нас цягнулі да таго, што перажываюць сёння суседнія дзяржавы. Асабліва Украіна”, – сказаў ён.

У гэтым працэсе, паводле яго слоў, не трэба шукаць нейкія “падводныя плыні”. “Мы будзем падтрымліваць канструктыўных людзей. Парламент павінен быць зрэзам нашага грамадства па вертыкалі. Там павінна быць і моладзь, і сярэдняе пакаленне, і вопытныя, і нявопытныя. І ветэраны, глыбокія пенсіянеры (няхай некалькі чалавек), але голас іх павінен быць чуваць, таму што 30 працэнтаў нашага насельніцтва – гэта вельмі дарослыя людзі. Хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы? Вядома ж, яны (маюцца на ўвазе парламентарыі старэйшага ўзросту. – Заўвага БЕЛТА). Можа, яны ўжо не так скажуць. Можа, моладзь іх не так разумее, але гэта іх разуменне, і мы павінны гэта ўлічваць, калі хочам быць прадстаўнічым органам, не толькі заканатворчым”, – арыентаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка расказаў аб чатырох апорах эканамічнага развіцця Беларусі

Эканамічнае развіццё Беларусі будзе грунтавацца на прыцягненні інвестыцый, дзелавой ініцыятыве, знешнім гандлі, змяненні сітуацыі ў дэмаграфіі, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Сярэднетэрміновае эканамічнае развіццё нашай краіны будзе грунтавацца на чатырох апорах: стварэнне найлепшых умоў для прыцягнення інвестыцый у нашу эканоміку (праўда, я ўжо не ведаю, што можна зрабіць лепш); павышэнне прадукцыйнасці працы за кошт стымулявання дзелавой актыўнасці, пашырэнне знешняга гандлю праз асваенне новых экспартных рынкаў (тут мы значна недапрацоўваем; відаць, як у першыя гады, мне давядзецца ў аснову ўсёй палітыкі пакласці экспарт: будзе экспарт – будзе краіна), кардынальнае змяненне сітуацыі ў дэмаграфіі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Нягледзячы на тое, што гэта ў асноўным задачы ўрада, яны датычацца непасрэдна і дэпутатаў, звярнуў увагу Прэзідэнт. “Гэтыя чатыры напрамкі – аснова для рэалізацыі вашых персанальных перадвыбарных абяцанняў выбаршчыкам, жыхарам рэгіёнаў, якія вы прадстаўляеце. Нам неабходна сфарміраваць эфектыўную рэгіянальную палітыку і ўзмацніць ролю органаў мясцовага кіравання, самакіравання ў забеспячэнні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў. Гэта патрабаванне часу, і гэта работа парламентарыяў”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт дадаў, што чакае ад дэпутатаў і сенатараў прапаноў, што і як трэба змяніць на месцах.

“Не рыбу, а вуду ў рукі” – у Беларусі будуць мяняць характар падтрымкі сацыяльна слабаабароненых слаёў насельніцтва

“У свой час мы абвясцілі Беларусь сацыяльнай дзяржавай. Падтрымка сацыяльна слабаабароненых катэгорый ёсць і будзе адным з вектараў нашай палітыкі. Аднак узровень развіцця нашага грамадства і грамадзянскай адказнасці беларусаў дазваляе мяняць характар такой падтрымкі. Паступова пераходзіць ад патэрналісцкай мадэлі да падтрымліваючай, калі дзяржава не проста бярэ на сябе вырашэнне ўсіх праблем чалавека, а стварае такія ўмовы, каб чалавек самастойна мог вырашаць свае праблемы. Гэта значыць, не рыбу, а вуду ў рукі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, для такога пераходу ў краіне створана даволі эфектыўная прававая база.

“Захоўваючы лепшае, што напрацавана і праверана вопытам, парламенту трэба будзе дапаўняць, удасканальваць прававыя нормы з улікам сучасных патрабаванняў, дасягненняў і перадавога міжнароднага вопыту”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тэму дэмаграфічнай бяспекі, лічыць Аляксандр Лукашэнка. У гэтай сферы, дадаў ён, у краіне сёння пажынаюць плады спаду нараджальнасці 1990-х гадоў, паколькі менавіта гэта нешматлікае пакаленне становіцца бацькамі.

“Яшчэ адно вострае пытанне – пагроза страты нашых традыцыйных каштоўнасцей. Ва ўмовах свету, які імкліва развіваецца, у маладога пакалення на першы план выходзяць пытанні асобаснай самарэалізацыі на шкоду імкненню стварыць сям’ю і прадоўжыць род. Сям’я павінна стаць арыенцірам усёй сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Што мы ні рабілі б – будавалі жыллё, добраўпарадкоўвалі нашы гарады, развівалі адукацыю, медыцыну, спорт, у якасці галоўнага спажыўца даброт і паслуг мы павінны бачыць дзяцей, сям’ю”, – падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы расказаў аб дзіўнай метамарфозе. Паводле яго слоў, у савецкія гады дзецям даводзілася працаваць, у адваротным выпадку іх прымушалі бацькі, цяпер жа ўсё адбываецца наадварот. “Нашы маладыя бацькі нага за нагу, на канапу, тыкаюць у планшэты, часам глядзяць тэлевізар. Адкрываючы спартыўныя аб’екты пры школах, я прашу, каб дзеці цягнулі лянівых бацькоў на гэтыя спартыўныя аб’екты. І гэта не толькі знешняе патрабаванне, у гэтым вялікі сэнс: людзі хварэць менш будуць, менш у аптэкі будуць хадзіць і стаяць у чарзе, патрабуючы, каб лякарствы былі таннейшыя. На жаль, вось гэтак пераварочваецца свет нават у дробязях”, – са шкадаваннем канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Толькі прыняўшы пералічаныя меры, упэўнены ён, можна захаваць беларускую самаідэнтычнасць і нацыю. “Законы, а таксама дзейнасць і асабісты прыклад людзей, якія сёння з’яўляюцца лідарамі меркаванняў, – прадстаўнікі ўлады, навуковай і творчай інтэлігенцыі – павінны працаваць на вырашэнне ўсіх жыццёва важных пытанняў. Мы павінны весці за сабой грамадства па ўсіх напрамках: ад спорту да эканомікі”, – заявіў беларускі лідар.

“Геапалітычная барацьба і гандлёвыя войны” – Лукашэнка папярэдзіў новы парламент аб няпростым перыядзе

Тэрмін паўнамоцтваў новага беларускага парламента прыпаў на няпросты перыяд, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, задача новага парламента – захаваць пераемнасць эканамічнага курсу, забяспечваючы ўстойлівае развіццё суверэннай беларускай дзяржавы, дынаміку росту эканомікі і дабрабыту грамадзян.

“Перыяд будзе няпросты. Барацьба вядучых геапалітычных сіл за сферы ўплыву, жорсткае лабіраванне краінамі сваёй эканамічнай выгады (вы бачыце гэта і па ўзаемаадносінах з нашым старэйшым братам), гандлёвыя войны і бар’еры – рэальнасць, якая аб’ектыўна ўскладняе нам жыццё”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

З іншага боку, усё гэта з’яўляецца рухавіком прагрэсу, прымушае шукаць новыя рэзервы эканамічнага росту, адзначыў Прэзідэнт. “Ствараць эканамічную сістэму, якая мінімальна залежыць ад рынку вуглевадароднай сыравіны і іншых кан’юнктурных тавараў, – дадаў ён. – Гэта мы, дарэчы, пачалі рабіць: Парк высокіх тэхналогій і іншыя напрамкі”.

Лукашэнка аб знешняй палітыцы: наша адзіная ўмова – мы суверэнная незалежная дзяржава

“Можа інтуітыўна, можа, ідучы ад жыцця, але мы дакладна вызначылі сваю знешнюю палітыку. З суседзямі трэба жыць у дружбе. Іх не выбіраюць – яны ад Госпада. Не рэзаць зажыва нашы сувязі з традыцыйнымі блізкімі саюзнікамі, якімі з’яўляюцца рэспублікі былога СССР”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што неабходна працаваць з тэхналагічна развітымі дзяржавамі. “Таму мы супрацоўнічаем з Еўропай, а не таму, што мы хочам павярнуцца пэўнай кропкай або месцам да свайго брата – расіяніна. Яны ўсе туды лезуць. Як нядаўна сказаў Сяргей Лаўроў (міністр замежных спраў Расіі. – Заўвага БЕЛТА), “мы і самі з Еўропай стараемся ўсталяваць дружалюбныя адносіны”. Дык што ад нас патрабаваць, што мы, жывучы ў цэнтры Еўропы, устанаўліваем гэтыя адносіны?” – заўважыў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь таксама не можа не мець добрых адносін з ЗША. “Калі яны хочуць. Таму што гэта імперыя”, – адзначыў ён.

“Мы не можам мець дрэнных адносін, нам пашанцавала ў гэтым плане, з новай імперыяй, якая адрадзілася, – КНР. Нас няма ў чым папракнуць, што мы недзе былі непаслядоўныя, што, як “блудны сабака”, хвастом вілялі. Мы заўсёды сумленна выконваем свае абавязкі, усе свае дамоўленасці”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Калі мы будзем цярпліва, спакойна рухацца наперад, развіваючы сваю эканоміку, нам ніякія знешнія пагрозы не страшны”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

“Не трэба напружваць, што тут пасля Украіны мы, што Расія супраць нас пачне вайну, што Захад на нас будзе наступаць. Для таго і мы ёсць, каб на нас ніхто не наступаў. Усё гэта нікому не патрэбныя фэйкі”, – рэзюмаваў беларускі лідар.

Лукашэнка пра Беларусь: мы аб’ядналі краіну, і ніхто яе нікому не здасць

“Мы ніколі не збіраліся і не збіраемся ўваходзіць у склад любой дзяржавы, нават брацкай Расіі”, – сказаў Прэзідэнт.

“Галоўнае запомніце: я не хлапчук, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў Прэзідэнтам. І я не хачу перакрэсліць усё, што зрабіў разам з вамі, народам, стварыўшы суверэнную незалежную дзяржаву, каб яе цяпер пакласці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе. І некуды выкінуць або перадаць. Гэтага пры мне не будзе ніколі. Гэта наша краіна. Мы суверэнныя і незалежныя. Гэтым трэба ганарыцца”, – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён дадаў, што калі ніхто не прэтэндуе, ніхто не збіраецца нас захопліваць, то навошта самім гэта дабро – незалежнасць і суверэнітэт – каму-небудзь несці і аддаваць. “Нам у гісторыі хапіла ўжо гэтых бізуноў, лапцей, ліхалецця”, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт адзначыў, што важна трымаць галаву на плячах: “Мы не павінны даць нават падставы для таго, каб каму-небудзь хацелася нас нахіліць і паставіць на калені. У гэтым мудрасць палітыкаў і палітыкі, якую мы з вамі фарміруем і праводзім”.

Лукашэнка: Беларусь настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне з Расіяй, але на раўнапраўных пачатках

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што двухбаковыя адносіны з Расіяй развіваюцца па-рознаму. “Мы можам недзе спрачацца, недзе не згаджацца адзін з адным, але ў канчатковым выніку мы заўсёды былі, застаёмся і, упэўнены, застанёмся саюзнікамі”, – растлумачыў ён.

“Беларусь у гэтым дыялогу настроена на канструктыўнае ўзаемадзеянне, але галоўная чалавечая ўмова – на раўнапраўных пачатках, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта не значыць, як у Расіі часта (кажуць. – Заўвага БЕЛТА), нават у высокіх кабінетах мне даводзілася (чуць. – Заўвага БЕЛТА), што ўзяць усё ў кучу, сабраць і падзяліць папалам. Я шчыра гаварыў, што калі так зрабіць, то мы наогул падавімся ад таго, што нам дастанецца”.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусі наогул нічога не трэба ад Расіі. “Нам трэба толькі тое, каб былі выкананы тыя нашы дамоўленасці (па духу, па літары), якія мы заключылі. Калі гэта саюз, то на раўнапраўнай аснове”, – сказаў ён.

“А якая іншая аснова саюза? Анексія, захоп, заняволенне? Не, гэта ўжо не той час, і з беларусамі так размаўляць ніхто не будзе. Мы проста не дазволім гэта зрабіць. Таму толькі раўнапраўныя адносіны”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Больш таго, Прэзідэнт звярнуў увагу: часам можна чуць заявы, што тыя ці іншыя моманты нібыта не прадугледжаны саюзнымі дакументамі. Ён упэўнены, што ў сувязі з гэтым трэба меркаваць не толькі па літары, але і па духу падпісаных дагавораў і дакументаў. “Няўжо, падпісваючы гэтыя дакументы, мы падпісваліся пад тым, што з кожным годам у нас будзе горш. Абсурд поўны. Мы падпісаліся і пайшлі ў саюз, асновай якога сёння з’яўляецца і павінна быць Расія, толькі для таго, каб разам ствараць нашу гісторыю. І разумелі, што мы атрымаем ад Расіі тое, што нам патрэбна, а яны атрымаюць тое, што ім патрэбна. І мы падпісалі гэтыя дагаворы. Іх проста трэба выконваць”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка аб перагаворах з Расіяй: ніхто ніколі не падпіша дакументы, якія нам прынясуць шкоду

Прэзідэнт адзначыў, што, як яму дакладваюць спецслужбы, “пятая калонка” ў Беларусі хоча ў бліжэйшы час правесці акцыі пратэсту супраць таго, што краіна нібыта здае незалежнасць. “Бачыце, яны больш клапоцяцца аб незалежнасці, чым вы або я. Што мы там падпішам нейкія такія дакументы, якія не ў інтарэсах Беларусі. Ніхто ніколі не падпіша тыя дакументы, якія нам прынясуць шкоду. Сёння наогул не ідзе ў перагаворах з Расіяй размова аб палітыцы, дыпламатыі і гэтак далей”, – заявіў беларускі лідар.

“Калі нехта перажывае, што заўтра будзе агульны парламент, на гэту тэму нават размоў няма. Калі нехта перажывае за тое, што заўтра ў нас будзе Прэзідэнт не Лукашэнка, а нехта іншы (я маю на ўвазе цяпер, без выбараў), таксама не перажывайце. Мы не вядзём дыялог па палітычных пытаннях. З Прэзідэнтам Пуціным яшчэ ў Сочы больш як год таму дамовіліся па-сяброўску. Я яму кажу: мы не пацягнем гэтыя пытанні, калі пачнём іх абмяркоўваць”, – расказаў кіраўнік дзяржавы.

Больш таго, ён падкрэсліў, што нават з прагматычнага пункту гледжання цяпер проста было б не час абмяркоўваць і вырашаць адпаведныя пытанні. “Нам трэба (было. – Заўвага БЕЛТА) выбраць парламент, потым вызначацца адносна Прэзідэнта. Які ідыёт пойдзе на вырашэнне нейкіх непапулярных пытанняў, нават калі зыходзіць з гэтага моманту”, – заўважыў беларускі лідар.

 

Па матэрыялах БелТА.