Злодзей… ва ўласным доме

Гэтыя падзеі адбываліся ў адной буйной вёсцы каля Косава. Звычайная сям’я з чатырох чалавек: бацька, маці, двое сыноў. Ды толькі адзін з іх (назавём яго ўмоўна Т., якому толькі каля 25 гадоў і які ўжо мае судзімасць) злоўжывае алкаголем, асабліва півам, завінаваціў многім людзям грашовыя сродкі.

Такі член сям’і – гора для іншых дамачадцаў, найперш бацькоў.

У адзін з дзён адыходзячага года Т., які застаўся дома адзін, схадзіў у гандлёвую кропку за півам (грошы на гэты напой яму дала маці). Выпіў, але «задаволенасці» не адчуў; трэба было б яшчэ як кажуць «дагнацца». Т. згадаў, што мае сур’ёзныя даўгі: скарыстаўся паслугамі і дапамогай людзей, абяцаў заплаціць – і так не разлічыўся. Разам з тым ён ведаў: у бацькоў грошы ёсць, недзе ў хаце яны хаваюць і немаленькую суму грошай.

Вось каб знайсці гэты «тайнік» з грашыма!

Т. прыняўся за «работу» – і небеспаспяхова: у адным з пакояў дома знаходзіць скрутак, які ляжаў у пакеце. У ім – 3 801 долар ЗША. Ён ведаў, што гэта – грошы бацькоў, напэўна, павінен быў разумець: такая буйная сума грошай яму і не патрабуецца зараз. Тым не меней, ён забраў гэтыя 3 801 долар ЗША, выклікаў таксі, паехаў у Івацэвічы, дзе мяняе ў абменным пункце 301 долар на рублі, разлічваецца з таксістам, які яго прывёз, з іншымі таксістамі, каму яшчэ раней завінаваціўся грошы. Т. набывае алкагольныя вырабы, зноў бярэ таксі – і накіроўваецца дамоў. Калі вечарам дамоў вярнуліся бацька з другім сынам, то засталі Т. ляжачым на падлозе ў непрытомным стане. Пачалі будзіць, ён прачнуўся, убачыўшы бацьку, спалохаўся – і кінуўся наўцёкі з хаты.

Бацька адчуў штосьці нядобрае, хуценька накіраваўся правяраць сваю хованку і аслупянеў – грошы прапалі. Выклікаў міліцыю.

Т. бегаў і хаваўся нядоўга: міліцыя яго затрымала, канфіскавала ўкрадзенае – 3 500 долараў і каля 60 рублёў – вярнула грошы бацьку.

Узбуджана крымінальная справа.

Адразу скажу: падтрымкі ад сваіх дамачадцаў – найперш ад бацькі – Т. не атрымаў. Відаць, што родныя людзі ўжо стаміліся ад такіх паводзін раней судзімага сына. А паколькі крадзеж быў здзейснены ў буйным памеры, то Т. пагражала толькі пазбаўленне волі: паводле ч. 3 арт. 205 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь іншыя віды пакарання не прадугледжаны.

Санкцыя суда – два гады пазбаўлення волі.

… Паўтаруся: член сям’і, які злоўжывае алкаголем, – гора для бацькоў, іншых дамачадцаў. Як папярэдзіць такое? Галоўнае, з маленства вучыць дзяцей жыць цвяроза, ставіць перад імі задачы, якія ім цікавыя і якія можна вырашыць толькі, калі жывеш цвяроза. У процілеглым выпадку панацэяй для бацькоў стане пазбаўленне волі іх роднага дзіцяці, бо ніякія іншыя метады не працуюць.

Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.