«Мой горад – дзе хачу, там стаю і там езджу»

Аб праблеме месцаў для парковак мы пісалі не раз, не раз указвалі на тое, з якой хуткасцю змяншаецца тое, што мы завём зялёнай зонай у дварах і ля шматкватэрных дамоў. Сёння не заўсёднасць, а рэдкае выключэнне кветнікі пад вокнамі дамоў, агароджаныя палісаднікі. Аўтамабілі іншым разам становяць на ноч пад самымі вокнамі. Штрафамі і забаронамі змагацца з гэтым бескарысна, бо каб забараніць, трэба нешта прапанаваць. З другога боку, мы так разбэсцілі ўсёдазволенасцю аўталюбіцеляў, што, калі і будуць альтэрнатыўныя стаянкі недзе побач з дамамі, туды ўладальнікаў аўто давядзецца перамяшчаць з боем.

Узяцца за гэты тэкст прымусіў нядаўні візіт у рэдакцыю жыхара райцэнтра. Самы звычайны чалавек, незвычайнае ў ім тое, што яму – баліць. Баліць, калі разбураецца прыгажосць. У дадзеным выпадку – цэласны комплекс, які складаецца з мастка праз канал, самога будынка Івацэвіцкага гарадскога Дома культуры і тэрыторыі вакол яго. Насамрэч, архітэктарамі тут была распрацавана цэласная кампазіцыя, каб быў не проста дом, але своеасаблівы цэнтр, востраў цішыні, зелені, спакою. Пад’езд да ГДК зроблены з боку вуліцы Шчорса, адмыслова для абслугоўвання патрэб культурнай установы. Тэрыторыя вакол засаджана дрэвамі.

І вось – з боку вуліцы Партызанскай ля ГДК уладальнікі аўто спрасцілі сабе жыццё – яны прабілі, што называецца, па тэрыторыі міні-парку кароткі шлях. Раней тут была ўсяго толькі сцежка, цяпер жа – добрая каляіна, па якой ідзе рух. Восень, дажджы – яміны і лужыны, гразь і вада. Побач з каляінай – дэкаратыўнае дрэўца. Колькі яму засталося жыць – пытанне часу. У нейкі момант яно будзе спляжана колам.
Вадзіцелі з вуліцы Партызанскай, якая не мела раней выхаду сюды, кіруюць да задняга фасада ГДК і нават тут, каб не «круціцца», едуць праз бардзюры між бярозак – абы толькі карацей ды зручней.

Не ведаю, што скажуць адказныя асобы на такую сітуацыю. Магчыма, аўтаінспекцыя пабачыць тут парушэнне Правілаў дарожнага руху. Магчыма, гарадскія службы пабачаць разбурэнне створанай інфраструктуры. Нават, калі яны нічога не пабачаць (а мы ў іх абавязкова пра гэта спытаем), мне асабіста ў гэтай дарозе бачыцца адно: нахабства, наплявацельства асобных аўтааматараў на горад, на ўсіх іншых людзей. Але ў адміністрацыйным кодэксе няма такога артыкула…
Валерый ГАПЕЕЎ.