Мякка сцелюць, ды мулка спаць: уважліва чытайце дагавор!

Вяскоўцы сёння застаюцца, бадай, адзінай сацыяльнай групай, якая адносна даступная, лёгка ідзе на кантакт… Гэта ў гарадах надзейна “скрываюцца” за дамафонамі і металічнымі дзвярыма дарослыя і дзеці, якіх не проста “выцягнуць на гутарку”. А вось вёска… Як тут не згадаць словы з песні: “Где без спросу ходят в гости, где нет зависти и злости…”.

Але, на жаль, “без спросу” ходзяць у госці нярэдка людзі, наведванне якіх пасля выклікае шмат пытанняў.

У райаддзел міліцыі звярнуўся І. Г., жыхар адной з вёсак Быценшчыны, адзінокі пенсіянер. Сутнасць: у адзін з дзён да яго ў дом наведаліся прадстаўнікі мінскай кампаніі (назавём яе ўмоўна “Трэйдшанц”), якая займаецца ўстаноўкай пластыкавых акон. Сам факт, здаецца, павінен быў насцярожыць гаспадара: сёння пластыкавыя вокны масава выпускаюцца ў нашым Івацэвіцкім раёне, а тут “канструктары” аж з Мінска ў аддаленую вёску прымчаліся.

Прадстаўнікі “Трэйдшанц” змаглі запэўніць І. Г. у неабходнасці ўстаноўкі шклопакетаў, прывялі “убийственные” аргументы “за”, звярнулі ўвагу на цану і якасць, на тое, што першы ўзнос можна зрабіць не адразу. Пенсіянер І. Г., які, дарэчы, не мае моцнага здароўя, даўно хварэе, пагадзіўся на супрацоўніцтва з кампаніяй, аддаў пашпарт для запаўнення дакументаў, пасля падпісаў Дамову.

Калі больш маладыя родзічы І. Г. пасля сталі знаёміцца з яе нормамі, то схапіліся за галаву. Пачынаецца барацьба за скасаванне Дамовы – усё гэта патрабуе пэўных сіл і сродкаў. Скасаваць падпісанае можна, але зрабіць гэта будзе не так і проста, тым болей, хвораму пенсіянеру прыйдзецца ехаць у Мінск.

Некалькі гадоў таму востра стаяла праблема ўстаноўкі фільтраў для ачысткі вады. “Добрыя людзі” прыходзілі ў дамы-кватэры, запэўнівалі гаспадароў у неабходнасці ўстаноўкі прыбораў, падпісвалі паперы, праводзілі ўстаноўку. Праз дзень-два ўзнікалі скаргі, людзі ішлі ў міліцыю, але чым могуць дапамагчы праваахоўныя органы, калі ўсё праводзілася ў добраахвотным парадку?

Вельмі прашу пажылых і адзінокіх людзей: не падтрымлівайце зносіны з рознага кшталту “карабейнікамі”, якія ў апошнія часы актыўна “апрацоўваюць” вёску. Без кансультацый з іншымі родзічамі не падпісвайце паперы, якія вам прапаноўваюць падпісаць, нікому не перадавайце пашпарт. Якія б ні гучалі “салодкія прапановы” – ведайце: на вывучэнне Дамовы патрабуецца не менш за суткі. А падпісваць дакументы праз 5-10 мінут пасля таго, да вас прыйшлі, – верх неразумнасці!

Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС