Дзіцячыя “гульні” прывялі… у суд

На лаву падсудных найчасцей трапляюць людзі, якія і раней мелі праблемы з Законам, хто доўгі час не можа знайсці сябе ў жыцці. Але так бывае не заўсёды. Некалькі тыдняў таму ў судзе Івацэвіцкага раёна разглядалася крымінальная справа па ч. 1 арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Крадзеж шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі”. Абвінавачаны – 14-гадовы юнак В. з Івацэвічаў, у рукі якога патрапіла чужая банкаўская пластыкавая картка.

Але аб усім па парадку.

Напачатку верасня мінулага года В. патэлефанавалі сябры-хлапчукі: каля магазіна “Культтавары” ў Івацэвічах яны знайшлі банкаўскую пластыкавую картку; яе хтосьці згубіў. В. далучыўся да кампаніі сяброў, якія не ведалі, як скарыстацца “багаццем”. Ён паступіў наступным чынам: цераз інтэрнэт-магазін “Аліэкспрэс” заказаў сабе чахол да мабільнага тэлефона і папулярныя наклейкі. І вось на мабільны тэлефон сапраўднага гаспадара, мужчыны з Івацэвічаў, прыходзіць СМС-паведамленне: з карткі знята каля 10 рублёў. Каб не мець большых праблем, мужчына той невялікай сумай грошай, што заставалася на рахунку, аплаціў за паслугі сувязі. А група хлопчыкаў накіравалася “траціць” у іншыя гандлёвыя кропкі – “Бочка хмелю”, “Еўраопт”. Але паўсюдна ім адмаўлялі па прычыне недахопу грошай на рахунку. Гаспадар карткі робіць заяву ў міліцыю.

В. прыходзіць дамоў і расказвае бацькам пра свае “гульні” з чужой карткай. Бацькі адразу зразумелі: утварылася вельмі непрыемная сітуацыя, яны паспрабавалі найхутчэй адмовіцца ад заказу на “Аліэкспрэс”, зрабілі паведамленне ў міліцыю. Але крымінальная справа ўжо была ўзбуджана, адказнасць па арт. 212 Крымінальнага кодэкса наступае з 14 гадоў (В. на момант злачынства было 14 гадоў і тры месяцы).

Вось так атрымалася: хлопчык, які цудоўна характарызуецца педагогамі, займаецца ў спартыўнай школе, мае высокія адзнакі, аказаўся на лаве падсудных. Гаспадар банкаўскай карткі хадайнічаў аб вызваленні В. ад крымінальнай адказнасці, бо і тую невялікую суму яму кампенсавалі бацькі, а сам ён палічыў, што тут вінаваты яшчэ дзіцячы розум.

Так, суд вызваліў В. ад крымінальнай адказнасці, канфіскаваўшы пры гэтым тэлефон, чахол і наклейкі. У базе дадзеных, тым не меней, захаваецца інфармацыя, што ў адносінах да 14-гадовага В. узбуджалася крымінальная справа, якая была спынена.

Хочацца папрасіць бацькоў: у злачынствы, звязаныя з камп’ютарнай тэхнікай, усё часцей трапляюць непаўналетнія, якія не да канца ўсведамляюць, што ўсё гэта не працяг дзіцячых “гульняў”, а пачатак дарослага жыцця. Патрабуйце ад дзяцей аб усіх сваіх учынках папярэджваць вас, бо “самадзейнасць” можа прывесці на лаву падсудных, сапсаваць біяграфію і лёс дзіцяці, якое яшчэ толкам не разумее, што яно натварыла.

Сяргей КУХАЦКАВОЛЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.