Цікавае пра Каляды: варажылі не толькі дзяўчаты

Дзявочых калядных варожбаў апісана нашмат больш, чым хлапечых. Але ўсё ж такі і хлопцы варажылі, хаця такія запісы сустракаюцца радзей. Хлапечыя варожбы зафіксаваныя ўсіх асноўных відаў:
Магчымасць пабачыць лёс у сне
«У нас кралі падушкі хлопцы ў дзеўкі. Кажуць, еслі паспіш на той падушцы, то сасніш, на ком жэнішся» (вёска Доўгае Салігорскага раёна).
Цотны/няцотны — парны/няпарны
З кнігі «Пінчукі» Д. Булгакоўскага: «Хлопцы і дзяўчаты ходзяць да агароджы і абхопліваюць плот рукамі: калі ў абхваце атрымаецца парны лік — хутка вяселле, няпарны — не хутка».
З прадметамі
«Хлопцы возьмуць чатыры шапкі, паложаць на лаву ў рад і пад адну шапку паложаць зеркала, пад другую — кусочак хлеба, пад трэцюю — ляльку скруцяць, а чацвёртая — пустая, і хто што выцягне. Калі пуста пад шапкай — гэты год ні жэніцца; каторы зеркала — ой фарсіста <жонка> будзе; а хлеб — так багатую возьме; а лялька — то з дзіцям возьме» (вёска Вярбілкі Шчучынскага раёна).

Пад вокнамі

З кнігі «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» Казіміра Сержпутоўскага: «На першую куццю пасля вячэры хлопцы падслухоўваюць пад вокнамі, што там гамоняць, і па той гаворцы мяркуюць, ці кахаюць іх дзеўкі ці не. Часамі таксама робяць і дзеўкі, але гэта толькі марцовыя дзеўкі ці тыя, каторыя ніяк не могуць зразумець сваіх каханкаў, ці шчыра яны кахаюць, ці толькі кпяць». «Марцовыя», судзячы па дыялектных слоўніках, азначае «юрлівыя». Такім чынам, у гэтым запісе калядная варажба пад вокнамі выступае як пераважна хлапечы занятак, не вельмі прыстойны для дзяўчат.
З якога боку возьме жонку
«Жадаючы даведацца, з якога боку будзе нявеста, хлопец уласнаруч пячэ блін, пакрывае ім галаву і адпраўляецца на перакрыжаванне: у якім баку забрэшуць сабакі — адтуль будзе нявеста. Калі варажба задавальняе, хлопец кідае блін у бок сабачага брэху, у адваротным выпадку ён ці кідае ў супрацьлеглы бок, ці нясе дадому» (Віцебшчына, запіс этнографа Мікалая Нікіфароўскага). Як бачым, варажба шчыльна судакраналася з магіяй, калі на лёс таго, хто варожыць, мог паўплываць ён сам ці нехта іншы: часам гаспадары, зачуўшы, што нехта слухае пад вокнамі, адмыслова мянялі тэму гутаркі.
Дык няўжо шлюб хваляваў дзяўчат больш, чым хлопцаў? Можа быць, і так, але магчыма, што пытанне пра хлапечыя варожбы даследчыкі проста не задавалі, ды і апытваюць пераважна жанчын, бо яны лічацца асноўнымі захавальніцамі традыцый.
Тэкст і фота Алены Ляшкевіч.