Гастарбайтар абчысціў… гастарбайтара

Жыхар вёскі Грыўда вяртаўся з заробкаў: прыехаў у Івацэвічы з Масквы, чакаў аўтобуса на вакзале. Каб не было сумна, выпіў чарку-другую спіртнога. Пасля заснуў, седзячы на лаўцы. Сумка з рэчамі стаяла побач.
У гэты ж час на наш чыгуначны вакзал прыбыла група мужчын, якія таксама дабіраліся да Брэста. Адзін з іх заўважыў, што гаспадар «безгаспадарнай» сумкі моцна спіць, таму непрыкметна яе забраў. Як і дарагі мабільны тэлефон, які ў п’янага вываліўся з рукі… Тое, што ў будынку вакзала працуе сістэма відэаназірання, злодзей не ўлічыў.
Зараз гэты раней судзімы жыхар Брэста ўстаноўлены, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа.
Яшчэ адзін выпадак з «нецвярозай» серыі: мужчына ў Мінску сеў у хуткі цягнік «Магілёў-Брэст». Ехаць як быццам не так і далёка – да Баранавічаў. Але паколькі быў у стане алкагольнага ап’янення, то хутка заснуў, а прачнуўся ўжо ў нашых Івацэвічах. Спахапіўся – рукзака няма… Таксама ўзбуджана крымінальная справа, вядзецца следства. Прыкра, але гэты пацярпелы працуе… правадніком Мінскага вагоннага ўчастка. Ён у першую чаргу павінен памятаць і разумець: п’яныя людзі ў цягніках найперш становяцца аб’ектам злачынных намераў. І сам аказаўся абакрадзеным!
Віталь ВЫСОЦКІ, начальнік ЛПМ на станцыі Івацэвічы.