Пра змены ў Працоўным кодэксе

14 студзеня ў малой зале Івацэвіцкага ГДК прайшоў семінар-вучоба “Змены ў Працоўным кодэксе”. Мерапрыемства арганізавана райкамам прафсаюза работнікаў АПК і Івацэвіцкім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў.

У рабоце семінара бралі ўдзел спецыялісты прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў нашага раёна, хто займаецца кадравымі пытаннямі, старшыні прафсаюзных пярвічак, эканамісты…. Аліна Гумен, галоўны прававы інспектар працы Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, у сваім выступленні падкрэсліла: папраўкі ўнесены болей чым у 160 дакументаў Працоўнага кодэкса. Зроблена гэта для стварэння належных умоў і пашырэння сацыяльна-працоўных гарантый работнікаў, для эфектыўнай і гібкай занятасці насельніцтва.

Выступоўца звярнула ўвагу на асноўныя змены ў працоўным заканадаўстве, яны ўступяць у сілу ўжо 28 студзеня. Асаблівая ўвага звернута на неабходнасць дакладнага дакументальнага афармлення прыёму работнікаў на працу, заключэння тэрміновых працоўных дамоў, часовы перавод на іншую работу, асаблівасці рэгулявання працы работнікаў, якія працуюць дыстанцыйна, змены ў парадку вядзення працоўных кніжак, спыненні працоўных дамоў, пашырэнні гарантый бацькам (новы артыкул, які прадугледжвае абавязковы сацыяльны водпуск татам нованароджаных дзяцей)…

Напрыканцы мерапрыемства Мікалай Палто, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК, уручыў падарункі прадстаўнікам калектываў аграпрамысловага комплексу, якія вызначыліся ў ходзе раённага конкурсу “Лепшая навагодняя ілюмінацыя”. Камісіяй райвыканкама вызначаны лепшыя – ААТ “Мічурынск”, “Святая Воля”, “Квасевічы”, УП “Івацэвіцкая ПМС”. Ігар Паўшко, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, звярнуў увагу, што вучоба са спецыялістамі, якая тычыцца змен у Працоўным кодэксе, працягнецца і надалей.

Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).