Вельмі дарагое паляванне

Трое жыхароў Івацэвіцкага раёна (двое з іх родныя браты) накіраваліся напачатку студзеня на паляванне на дробнага пушнога звера – у лясны масіў на Целяханшчыне. Дазвольныя дакументы ў іх меліся, але адзін з іх, назавём яго ўмоўна Б., дазволіў сабе “самадзейнасць” – застрэліў казулю. Браканьер паклікаў астатніх двух паляўнічых, яны ўтрох пачалі разбіраць тушу, але якраз у гэты момант іх “накрыла” егерская група.

Як вынік, узбуджана крымінальная справа – за незаконную здабычу ў адносінах да Б. і ў адносінах да двух астатніх паляўнічых – за незаконнае разбіранне дзікай жывёлы. Б. цераз некалькі дзён аплаціў нанесены прыродзе ўрон – 3 240 рублёў. Тым не меней, усіх трох мужчын чакае яшчэ суд і новыя санкцыі. Паляванне, як бачыце, аказалася вельмі дарагім для іх.

Хрысціна ТАМАШУК, старшы следчы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.