Ударыў міліцыянера, кінуўся наўцёкі…

Гэтае здарэнне адбылося ў апошнія дні 2019-га года, у ноч перад навагоднімі святамі. К., 23-гадовы жыхар Івацэвічаў, які мае не пагашаную судзімасць, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, блукаў па райцэнтры, вёў сябе неадэкватна. Так, прыкладна ў пяць гадзін раніцы ён пачаў грукаць у дзверы магазіна райспажыўтаварыства “Родны кут” (“Надзея”) па вул. Чкалава.

Напэўна, палічыў, што гандлёвая кропка ўжо павінна працаваць.

Сігнал аб такіх бязглуздых паводзінах К. паступіў у райаддзел міліцыі. На месца выехалі супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента “Ахова”. Начному дэбашыру прапанавалі сесці ў аўто, каб праехаць у райаддзел для высвятлення ўсіх абставін. Але К., стаў адштурхоўваць прадстаўнікоў правапарадку, аднаго міліцыянера ўдарыў у твар, кінуўся ўцякаць. Але далёка яму ўцячы не ўдалося… Астатак той ночы ён правёў у пакоі для затрыманых.

Прыкра, але на наступны дзень К. не мог нічога ўзгадаць з усіх перапетыяў той ночы. Поўнасцю нічога не памятаў! Між тым, у адносінах да яго ўзбуджана крымінальная справа па арт. 363 Крымінальнага кодэкса Беларусі “Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак”. Хочацца параіць нашым грамадзянам весці больш цвярозы лад жыцця. Калі напівацца да стану поўнай непрытомнасці, то можна натварыць многа кепскіх спраў, пра што будзеш пасля шкадаваць усё жыццё.

Сяргей КОЦІК, першы намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС – начальнік крымінальнай міліцыі.