Стан пацярпелага веласіпедыста здавальняючы

У панядзелак, 20 студзеня, калі на гадзінніку было каля 8 гадзін раніцы, дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на вул. Сікорскага ў Івацэвічах.

Легкавы аўтамабіль “Пежо”, за рулём якога знаходзілася 32-гадовая жанчына, рухаўся ў кірунку вёскі Воля. У гэты час з вуліцы 60 гадоў Кастрычніка (вёска Бараны) на вуліцу Сікорскага выехаў веласіпедыст, мужчына 1953 г.н. Ён выехаў з другараднай дарогі, павінен быў саступіць “Пежо”, яго транспартны сродак не быў абсталяваны належным чынам. Хутчэй за ўсё, па гэтай прычыне вадзіцель-жанчына не змагла яго своечасова заўважыць.

Адбылося сутыкненне.

Як паведамілі “ІВ” ва УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, стан пацярпелага веласіпедыста здавальняючы. У выніку ДТЗ ён атрымаў пералом шчыкалаткі (лодыжки) і страсанне мазгоў. Мужчына шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне райбальніцы, атрымлівае лячэнне.

Аляксандр ГОРБАЧ.