488 нованароджаных падарыў 2019 год Івацэвіцкаму раёну

У 2019 годзе на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна аддзелам загса і гарсельвыканкамамі здзейснена 1769 запісаў актаў грамадзянскага стану.
З іх зарэгістравана нараджэнне 488 дзяцей (у 2018 – 503), на свет з’явіліся 256 хлопчыкаў і 232 дзяўчынкі. З іх 148 дзяцей – першынцы, 177– нарадзіліся ў сем’ях другімі, 118 – трэцімі, 29 – чацвёртымі, 9 – пятымі, 5 – шостымі, 1 – сёмым, 1 – трынаццатым. Падвойнае шчасце ў выглядзе двойні прыйшло ў пяць сем’яў Івацэвіцкага раёна.
Самыя папулярныя імёны, якімі называлі дзяўчынак у 2019 годзе – Паліна, Сафія, Ксенія, Эмілія, Аляксандра, Дарына (у мінулым годзе лідзіравалі Сафіі, Марыі, Ксеніі, Паліны, Анастасіі); хлопчыкаў – Мацвей, Максім, Арцём, Аляксандр, Данііл, Ягор (у мінулым годзе першынство было за Арцёмамі, Максімамі, Мікітамі, Данііламі, Мацвеямі). Некаторыя бацькі вырашылі быць больш арыгінальнымі, назваўшы сваіх дзяцей Ханна, Яра, Тэона, Дарыяна, Даніэла, Ітан, Алан, Дамір.
Мамамі сталі ў асноўным жанчыны ва ўзросце ад 20 да 35 гадоў, 55 мам знаходзіліся ва ўзросце ад 35 да 40 гадоў, 10 – ад 40 і старэй. Сярэдні ўзрост маці нованароджаных склаў 28 гадоў, бацькоў – 31.
У 2019 годзе аддзелам ЗАГС было зарэгістравана заключэнне 344 шлюбаў (гэта на 20 менш, чым у 2018 годзе), з іх у г. Івацэвічы – 224, у гарсельвыканкамах – 120. У шлюб упершыню ўступілі 280 чалавек, у паўторны шлюб уступілі 99 жаніхоў і 119 нявест. Калі гаварыць пра ўзроставыя катэгорыі зарэгістраваных шлюбаў, то сярэдні ўзрост мужчын, якія ўступаюць у шлюб, – 31 год, жанчын – 29 гадоў (у 2018 – 31 і 28 адпаведна). У непаўналетнім узросце знаходзіліся 2 нявесты. Ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў было 35 жаніхоў і 36 нявест, ва ўзросце ад 51 да 60 гадоў – 16 жаніхоў і 12 нявест, старэйшыя за 61 год – 8 жаніхоў і 2 нявесты.
У 2019 годзе павялічылася колькасць рэгістрацый смерці і ў цэлым па раёне склала 837 чалавек: 431 мужчына і 406 жанчын (у 2018 – 834). З іх па г. Івацэвічы – 216 (у 2018 – 230), у гарсельвыканкамах – 621 (у 2018 – 604). Сярэдні ўзрост памерлых склаў для мужчын 65 гадоў, жанчын – 78.
Хочацца спадзявацца, што ў 2020 годзе дэмаграфічная сітуацыя ў раёне парадуе нас стварэннем новых шчаслівых сем’яў і нараджэннем у іх жаданых дзетак.
Н. В. Аўрусевіч, начальнік аддзела ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама.