Дом будуецца, злодзей… актывізуецца

Радуецца вока, калі бачыць тое, як актыўна ўзводзяцца новыя прыватныя дамы ў мікрараёнах забудовы. Зімовыя месяцы – цёплыя, гэта дазваляе працаваць на будоўлі і ў снежні-студзені. Праўда, працуюць тут не толькі гаспадары. Ноччу тут «завіхаюцца» зладзеі.
У райаддзел міліцыі ў сярэдзіне студзеня паступіла заява ад К., жыхара Івацэвічаў, які ўзводзіць дом на ўчастку паміж Міхнавічамі і Стайкамі, – гэты раён забудовы добра вядомы жыхарам Івацэвічаў і раёна. Дык вось: К. выклікаў міліцыю, бо неўстаноўлены зламыснік, пашко-
дзіўшы вокны і дзверы, прабраўся ў летнюю кухню. Відавочна, што злодзею не было чым пажывіцца – і ён пустым пакінуў памяшканне.
А літаральна праз два дні ў Івацэвіцкі РАУС звярнуліся В. і Г., двое мужчын, якія таксама ўзводзяць дамы на вышэйзгаданых участках. Сутнасць: неўстаноўлены зламыснік (магчыма іх было некалькі) пранік у іх дамы і вынес два перфаратары, бензапілу, дрыль, дыскавую пілу, шурупавёрт, шліфмашыну.
Узбуджана крымінальная справа. Вядзецца пошук злачынцаў. Хачу параіць забудоўшчыкам належным чынам умацоўваць дамы, якія яны ўзводзяць. Зладзеі «любяць» падобныя аб’екты, бо тут зона нежылая, ноччу – нікога няма, а пажывіцца ёсць чым. Важна той інструмент і маёмасць, якія па памеры невялікія – дрылі, пілы і інш. – забіраць з аб’екта, яны не зоймуць шмат месца ў багажніку аўтамабіля, а злодзею не будзе чаго ўкрасці.

Яўген МІХНЮК, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.